У бібліятэцы імя Горкага адрамантуюць небяспечныя расколіны. На ЦСК зробяць футбольнае поле з падагрэвам

Неўзабаве пачнуцца будаўнічыя працы па ўмацаванні нясучых канструкцый будынка цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага. Яшчэ ў канцы мінулага года ў бібліятэцы знайшлі расколіны, якія ствараюць небяспеку разбурэння будынка. Гэта пацвердзілі эксперты з Полацкага дзяржаўнага універсітэта.

Супрацьаварыйныя мерапрыемствы, на якія з абласнога бюджэту выдаткавана 50 мільёнаў рублёў, будаўніча-мантажнае прадпрыемства “Дзяржбудуніверсал” плануе завершыць да пачатку зімы.

Самае цікавае, што бібліятэку падчас рамонту не будуць пераводзіць ў іншае месца. Так што наведвальнікам гэтай культурнай установы не перашкодзіць быць асцярожнымі: не дай Божа, раптам столь на галаву абваліцца...
Тым часам ідзе будоўля і на былым рэчавым рынку “Дынама”, які пераўтварыўся ў Цэнтральны спартыўны комплекс. Тут узводзяць штучнае футбольнае поле з падагрэвам. Новая футбольная арэна будзе вытрымліваць мароз у 15 градусаў. Гэты “наварот” фінансуецца з абласнога і гарадскога бюджэтаў, курыруе будоўлю старшыня гарвыканкама Пётр Драздоў. А рашэнне зрабіць пляцоўку з падагрэвам прынялі летась у лістападзе, калі праходзіў матч нацыянальных зборных Беларусі і Латвіі. На ім прысутнічаў Генадзь Нявыглас – кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

Зрабіўшы поле з падагрэвам, улады не збіраюцца спыняцца. Хочуць пабудаваць трыбуну на 210 месцаў і яшчэ два футбольных поля. Кажуць, што ў выніку ў Віцебску з’явіцца такі спартовы комплекс, аналага якому ў краіне, нават у Мінску, пакуль няма.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць