Барыса Хамайду аштрафавалі на 15 з паловай тысяч

Штраф ён атрымаў за тое, што распаўсюджваў газету "Витебский курьер" каля “Сіняга дому”. Каля 12-й дня да яго падышоў участковы міліцыянт і папрасіў паказаць дазвол на распаўсюд газетаў ды часопісаў менавіта ў гэтым месцы.

Барыс Хамайда, як вядома ці не кожнаму жыхару Віцебску, распаўсюджвае каля “Сіняга дому” незалежную прэсу  ўжо  далёка не першы год. Таму ён адмовілся даваць  якія б тое ні было тлумачэньні ўчастковаму і паехаў з ім разам у пастарунак. Начальнік Чыгуначнага райаддзела  міліцыі пацвердзіў, што кожны распаўсюднік мусіць браць ва ўладаў дазвол на тое, каб стаяць у нейкім канкрэтным месцы. Інакш яму належыць гандляваць газетамі, як кажуць, “на хаду” – проста шпацыруючы па горадзе.

Досвед распаўсюду газэтаў у час шпацыру па горадзе ўжо мелі прадстаўнікі Аб”яднанай грамадзянскай партыі: за гэта іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця і аштрафавалі ў судзе.

Пастанову пра штраф вынесла сёння  й суддзя Чыгуначнага райсуду Валянціна Кавалёва. Яна прысудзіла Барысу Хамайду палову базавай велічыні паводле 148-га артыкула  Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях  -- за гандаль у неналежным месцы.

“Калі распаўсюд недзяржаўных выданьняў  будзе вольны, я, мажліва, і выканаю вашыя патрабаваньні, -- сказаў Барыс Хамайда начальніку Чыгуначнага РАУСу. – А пакуль, як кажуць, “месца сустрэчы змяніць нельга!”  Па сканчэнні судовага працэсу ён зноў скіраваўся да “Сіняга дому”, дзе яго заўжды знаходзяць чытачы забароненых да продажу праз “Саюздрук”  выданняў -- “Витебского курьера”, “ARCHE” i “Нашай Нівы”.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць