У аэрапорце Віцебска плануюць стварыць зону спрошчанага мытнага афармлення тавараў

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Перспектыва” прапаноўвае стварыць у аэрапорце Віцебска зону спрошчанага мытнага афармлення тавараў з трэціх краін і аптова-рознічны рынак. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў віцебскі прадпрымальнік Анатоль Шапавалаў.

Паводле ягоных словаў, віцебскае аддзяленне “Перспектывы” падрыхтавала аналітычную запіску для Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі пра неабходнасць у якасці эксперымента стварыць зону ільготнай “растаможкі” для тавараў з трэціх краін, якія прывозяць у Беларусь.

”Зараз усе падобныя пункты знаходзяцца на тэрыторыі Расіі. І нашы прадпрымальнікі аддаюць грошы за ільготную “растаможку” Расіі, а не ў беларускі бюджэт. Таму што там для прадпрымальнікаў больш выгодныя ўмовы і ніжэйшыя ў 1,5-2 разы стаўкі. Спрошчанае мытнае афармленне дазволіла Расіі атрымліваць цалкам прагназуемы прыбытак, забяспечыць занятасць насельніцтва, дэталёва адрэгуляваць і кантраляваць аб’ёмы паставак і асартымент тавара, стварыць выгодныя ўмовы ў адносінах да памежных дзяржаў”, – адзначыў А.Шапавалаў.

На яго думку, зона спрошчанага мытнага афармлення тавараў з трэціх краін і аптова-рознічны рынак у аэрапорце Віцебска зробяць немэтазгоднай “растаможку” грузаў у Расіі, палепшаць беларускую эканоміку, створаць дадатковыя аб’ёмы працы для кампаніі “Белавиа”. Акрамя таго, ён не выключае, што ў такім выпадку прадпрымальнікі са Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі будуць прыязджаць за таварам у Віцебск.

Гэту прапанову зараз разглядае спецыяльная працоўная група. “20 лістапада міністр статыстыкі і аналізу Беларусі Уладзімір Зіноўскі будзе дакладваць аб праведзенай працы прэзідэнту. Але ўсе ўпіраецца ў мытнае заканадаўства – на папраўкі ў кодэкс пойдзе 2-3 гады. Таму мы разлічваем на ўказ прэзідэнта, які дазволіць існаванне такой зоны ў якасці эксперымента”, – сказаў А.Шапавалаў.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць