Прапанова віцебскага клуба вікінгаў зацікавіла шведаў

20-21 верасня Віцебскую вобласць наведалі прадстаўнікі СМІ са скандынаўскіх краін і турыстычных аператараў са Швецыі. Азнаямляльны тур праходзіў у межах трохбаковага шведска-беларуска-латвійскага турыстычнага праекта “Панарама: Дзвіна – Даўгава”.

Падводзячы вынікі візіту, менэджар праекта Арнэ Элефорс адзначыў, што шведскі бок зацікавілі дзве тэмы: вікінгі і Марк Шагал, і яны абавязкова павінны быць распрацаваны ў Віцебску. Шведам спадабалася ідэя віцебскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” прадставіць быт вікінгаў на беларускай зямлі. Акрамя таго, яны выказалі пажаданне рэалізаваць сумесны праект з музеем Марка Шагала.

Адной з мэтаў праекта “Панарама: Дзвіна – Даўгава” з’яўляецца аднаўленне шляху “з варагаў у грэкі” у якасці маршруту для заходніх турыстаў. Ужо наступнай вясной так званы “рачны аўтобус” даставіць у Беларусь першых замежных турыстаў.

На рэалізацыю праекта “Панарама: Дзвіна – Даўгава” урад Швецыі выдаткаваў каля 1 мільёна даляраў. Прыкладна дзве трэція гэтай сумы будуць накіраваныя на здзяйсненне праекта на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

Меткі:

Чытайце яшчэ