У Полацкім раёне ўсталяваны знак у гонар Б.Эпімах-Шыпілы

У вёсцы Залессе Полацкага раёна – на радзіме вядомага літаратуразнаўцы і фалькларыста Браніслава Эпімах-Шыпілы – нядаўна ўсталяваны мемарыяльны знак у яго гонар. Помнік уяўляе сабой валун, які важыць 16 тон 100 кілаграмаў – прыкладна такі, які ляжыць каля Сафійскага сабора ў Полацку. Ініцыятыва ўганараваць памяць земляка належыла полацкаму краязнаўцу Віктару Карасёву.
Б.Эпімах-Шыпіла быў літаратурным рэдактарам першага зборніка Янкі Купалы “Жалейка”. За сваё жыццё літаратуразнаўца выдаў на беларускай мове больш як 40 слоўнікаў, хрэстаматыяў, перакладаў. З 1929 года яго асабістая бібліятэка па беларусазнаўстве захоўваецца ў Нацыянальнай акадэміі навук.
Адметна, што за чатыры апошнія гады Віктар Карасёў стварыў і ўсталяваў на тэрыторыі Полаччыны ўжо дзесяць імянных помнікаў і памятных знакаў. У прыватнасці, ушанаваная памяць беларускага вучонага Аляксандра Семянтоўскага, а таксама Ганны Місуна – першай не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Польшчы жанчыны-геолага, якая нарадзілася каля Ветрына на Полаччыне. Ёсць цяпер помнікі і на магіле ахвяраў яўрэйскага гета і групы расстраляных падпольшчыкаў. У здзяйсненні задум Віктару Раманавічу дапамагалі яго былыя вучні: збіралі фінансы, куплялі шыльды, давалі тэхніку. А краязнаўца і патрыёт мае ўжо новую ідэю. У вёску Шпакоўшчына Полацкага раёна завезены ледніковы валун, дзе Віктар Карасёў будзе рабіць памятны знак Антону Грыневічу – збіральніку беларускага музычнага фальклора.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць