Коласаўцы рыхтуюць спектакль пра Усяслава Чарадзея

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа рыхтуецца адзначыць  юбілей – 80-годдзе з дня свайго заснавання. І збіраецца зноў здзівіць гледачоў сюрпрызамі.
На адкрыцці юбілейнага сезона 8 кастрычніка аматары тэатральнага мастацтва пасля чатырохгадовага перапынку зноў убачаць спектакль “Несцерка” па п’есе Віталя Вольскага, які даўно стаў візітоўкай тэатра. Прычым спектакль будзе адноўлены ў дэкарацыях 1942 года, калі ён упершыню быў прадстаўлены коласаўцамі.
У новым сезоне гледачоў парадуюць прэм’еры, сярод якіх спектакль “Памінальная малітва” па творы Шалом-Алейхема. Таксама да пастаноўкі рыхтуецца п’еса Аляксея Дударава “Усяслаў Чарадзей”. Пройдуць юбілейныя бенефісы народнага артыста СССР Фёдара Шмакава і народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной.
Як мы ўжо паведамлялі, коласаўцы аб’явілі сярод гледачоў конкурс на сачыненне “Глядацкага гімну” і віктарыну па гісторыі тэатра. Пераможцы конкурсу і віктарыны атрымаюць запрашальныя білеты на юбілейны святочны вечар, запланаваны на 21 лістапада.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ