У новым сезоне «Лялька» пакажа казкі Усходу

Новы, 22-гі па ліку, сезон у Беларускім тэатры “Лялька” адкрыецца 1 кастрычніка. У гэты дзень гледачы ўбачаць спектакль «Асцярожна, Соня!» – дэбютную працу маладога рэжысёра, выпускніцы акадэміі мастацтваў Святланы Бень. Як распавёў мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук, у новым сезоне нас чакаюць некалькі прэм’ер, якія адрозніваюцца ўсходняй экзотыкай.
Гэта спектаклі «Чароўная лямпа Аладзіна» паводле эпаса «Тысяча і адна ноч» і «Жураўлінае пер’е» па творы японскага драматурга Дзюндзі Кінасіты.
«Чароўную лямпу Аладзіна» мы ставілі і раней, але зараз гэты спектакль больш адпавядае класічнаму варыянту казак «Тысяча і адна ноч». Спектакль «Жураўлінае пер’е» дастаткова складаны і таму адрасаваны найперш даросламу гледачу. Ёсць таксама задума паставіць новы спектакль паводле Уладзіміра Караткевіча. Хутчэй за ўсё, гэта будзе казка «Вужыная каралева». Такім чынам, у «Лялькі» з’явіцца караткевічаўскі трыпціх, бо на нашай сцэне ўжо ідуць спектаклі па двух ягоных творах – «Ладдзя роспачы» і «Забыты скарб», – сказаў В.Клімчук.
У кастрычніку калектыў «Лялькі» са спектаклем «Чорная курыца, або Падземныя жыхары» прыме ўдзел у двух фестывалях – IX Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Ужгарадзе (Украіна) і V Інтэрнацыянальным фестывалі дзіцячых тэатраў у горадзе Банья Лука (Рэспубліка Сербія).
Зараз тэатр знаходзіцца на вясковых гастролях у раёнах Віцебскай вобласці. Да прыкладу, спектакль «Яшчэ раз пра Чырвоную шапачку» ужо пабачылі дзеці з падшэфнага аграгарадка Відзы Браслаўскага раёна.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць