У Дзісненскім краі сёлета ўпершыню адпачывалі замежнікі

У Дзісненскім краі на Мёршчыне сёлета ўпершыню прымалі замежных турыстаў. У шасці вясковых сядзібах  быў арганізаваны адпачынак для трох дзесяткаў турыстаў з Італіі, Швецыі, Ізраіля. Замежнікі былі прыемна здзіўлены якасцю адпачынку, прыгажосцю прыроды і захаваўшыміся па сёння традыцыямі ў народных рамёствах. Таксама ім спадабалася аддаленасць Дзісны ад цэнтральных аўтатрас і адсутнасць у гарадку буйных прамысловых прадпрыемстваў.
У перспектыве ў Дзісне плануюць стварыць для замежных турыстаў так званыя туры аднаго дня. Але пакуль тут няма камфартабельнага гатэлю, прыстойных аб’ектаў грамадскага харчавання. Таму замежнікам прапаноўваюць напрацягу аднаго дня азнаёміцца са старажытным гарадком, а затым вярнуцца ў вясковую сядзібу. Пакуль гэта задавальняе наведвальнікаў з-за мяжы, але мясцовыя ўлады робяць усё для таго, каб добраўпарадкаваць горад, зрабіць яго больш вабным для людзей з іншых краін.
Дзісна – горад у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Сваю гісторыю вядзе з XI стагоддзя. На тэрыторіі краю знаходзяцца помнікі археалогіі і архітэктуры. Славутасць горада – стогадовы мост праз раку Дзісну, адзін з старэйшых на Беларусі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ