Былы дырэктар “Нафтана” асуджаны на 4 гады

Абвінаваўчым прысудам скончылася яшчэ адна гучная антыкарупцыйная справа - супраць былога генеральнага дырэктара "Нафтана" Канстанціна Часнавіцкага і ягоных падначаленых, адказных кіраўнікоў аб'яднання Віталя Бандарчука і Сяргея Мартынава. Два месяцы іх судзілі ў Вярхоўным Судзе. К.Часнавіцкага суд прызнаў вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і асудзіў да 4 гадоў зняволеньня. Такі ж тэрмін атрымаў С. Мартынаў, В.Бандарчук - на год больш.
Суд часткова задаволіў грамадзянскі пазоў "Нафтана" да ўсіх трох абвінавачаных - агулам на 8 мільярдаў рублёў. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць грошы з даляравага рахунку Часнавіцкага - болей за 1 мільён 240 тысяч даляраў. Паводле суду, гэтыя грошы былы гендырэктар атрымаў незаконна.
Працэс над Часнавіцкім і ягонымі саўдзельнікамі быў закрытым. Ён прызнаваў сябе вінаватым часткова. Пасля агучвання прысуду былы дырэктар не паспеў нічога пракамэнтаваць, яму адразу надзелі кайданкі і забаранілі адказваць на пытанні журналістаў.
К.Часнавіцкага арыштавалі ў снежні 2004 года, да жніўня 2005 года ён быў пад вартай у следчым ізалятары КДБ, а потым - пад хатнім арыштам. Суд залічыў гэты час у ягоны тэрмін зняволення. Такім чынам, за кратамі былому гендырэктару давядзецца адбыць не больш за 2 гады і некалькі месяцаў. Назіральнікі не выключаюць, што на волю ён можа выйсці яшчэ раней, калі трапіць пад амністыю ці ўмоўна-датэрміновае вызваленне.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць