Як У.Андрэйчанка вярнуў вяскоўцам дарагі іх сэрцу трактар

Жыхары Багушэўска, што недалёка ад Віцебска, надта ўдзячны губернатару вобласці за тое, што ён дапамог вярнуць у пасёлак трактар-рэліквію.
Гісторыя трактара, які быў зроблены Харкаўскім заводам аж у 1932, доўгая і пакручастая. Да вайны, з 1936 года, ён належыў Багушэўскаму племгасу. Затым, падчас эвакуацыі, трапіў... у Сібір. У 46-ым  працаўніка палёў зноў вярнулі на радзіму – у Багушэўск. Але пасля чамусьці перакінулі ў Лёзненскі раён.
Калі трактар састарэў, яго перадалі, як рэліквію, у музей ВДНГ у Мінск. У 1977 годзе там пабываў тагачасны інжынер саўгаса “Багушэўск” Васіль Шман і папрасіў кіраўніцтва музею аддаць яго назад. Тое пайшло насустрач, тым больш што дакументы на трактар дзіўным чынам у саўгасе захаваліся. У выніку “харкаўчанін” быў урачыста ўсталяваны на пастамент каля канторы гаспадаркі. Там ён прастаяў да верасня мінулага года. Ды чыноўнікам узбрыло палічыць яго безгаспадарлівай маёмасць, трактар сарвалі з пастаменту і павезлі ў Сянно, у райсельгастэхніку.
Апошняй надзеяй жыхароў Багушэўска стаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка. Яны напісалі яму слёзны ліст, які крануў бы каго заўгодна: “Дапамажыце вярнуць дарагі нам ХТЗ-32!” І губернатар даў рады. Па яго даручэнні мясцовыя ўлады вярнулі багушэўцам легендарны трактар. Зараз ён знаходзіцца пад наглядам (крый Божа, зноў адбяруць!). Неўзабаве яго зноў збіраюцца ўсталяваць на пачэснае месца.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць