Сёння ў Полацку святкуецца юбілей газеты «Наша Ніва»

Сёння, 6 кастрычніка, у 19.30. у  Полацку ў парафіяльнай залі касцёлу святога Андрэя Баболі будзе адзначацца 100-годдзе газеты “Наша ніва” – адзінага зараз ў краіне цалкам беларускамоўнага незалежнага выдання. Уваход вольны. Чакаюцца прыемныя сюрпрызы.
Як паведаміла полацкая пісьменніца Ірына Жарнасек, чакаецца прыезд спявачкі Касі Камоцкай. Прыедзе таксама рэдактар “НН” Андрэй Дынько. На імпрэзе выступяць літаратары, аўтары “Нашай нівы” з Полацка Алесь Аркуш, Лера Сом, Уладзімір Лобач і іншыя. Збярэцца мясцовая інтэлегенцыя, падпішчыкі газеты (якіх, дарэчы, у Полацку шмат нават у гэты неспрыяльны час для недзяржаўных медыя) і проста аматары прыгожага пісьменства. Павінен таксама быць госць з Віцебска – філосаф, тэолаг, аўтар “НН”, лаўрэат прэміі часопісу “Arche” “За сумленнае слова” за 2005 год, дыякан касцёла Святой Барбары Пётра Рудкоўскі.

Увогуле святкаванне свайго стогадовага юбілею «Наша Ніва» распачала яшчэ ў верасні ў Берліне. А ўчора гэта падзея адзначалася ў Мінску – у Палацы мастацтваў. У сталіцы да святкавання была прымеркаваная прэзентацыя кнігі Аляксандра Фядуты «Паэтычны аглядальнік». Зборнік склалі паэтычныя рэцэнзіі вядомага публіцыста, якія друкаваліся ў «Нашай Ніве» цягам 2005-2006 гг., на кнігі беларускіх паэтаў.
Вечарыну распачаў бард Зміцер Бартосік, які выканаў свой стары хіт «Нашаніўская пара». Пасля слова ўзяў галоўны рэдактар «НН» Андрэй Дынько, ён адзначыў, што 100-гадовы юбілей газеты супаў па часе з яшчэ адной круглай датай – 15-годдзем незалежнасці. А пасля ў залі запанавала паэзія... Вершы чыталі Ірына Дубянецкая, Глеб Лабадзенка, Віктар Шніп, Міхась Скобла. Лера Сом не толькі чытала, але і спявала пад гітару.
Імпрэза скончылася харавым выкананнем вершу Янкі Купалы «Нашай Ніве», які больш вядомы, як «Не загаснуць зоркі ў небе».


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць