Павел Красоўскі застаўся на выходныя без перадачы

Сябрам віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ не дазволілі перадаць прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці, сабраныя імі для моладзевага актывіста Паўла Красоўскага, якога падазраюць у датычнасці да мінулагодніх выбухаў у Віцебску. Нагадаем, што з вечара 5 кастрычніка Павел знаходзіцца ў нашым горадзе ў ізалятары часовага ўтрымання.
Як распавёў старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў, учора ён і яго калегі хацелі заплаціць за ўтрыманне П.Красоўскага ў ізалятары і перадаць яму ежу і прадметы асабістай гігіены. Аднак дзяжурны ізалятара адмовіўся ўзяць перадачу, а за тлумачэннямі параіў звярнуцца ў абласную пракуратуру.
«Там мне патлумачылі, што Павел не адбывае тэрмін пакарання, а толькі часова затрыманы. І ў ізалятар яго змясцілі, каб ён не схаваўся ад следства. Мне таксама паведамілі, што справу Красоўскага вядзе старшы следчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Беларусі Аляксандр Рассолька. Але паколькі следчы зараз знаходзіцца ў Мінску і ніякіх распараджэнняў датычна Красоўскага не пакідаў, то перадачу не возьмуць”, – сказаў К.Смолікаў.
Кастусь Смолікаў таксама даведаўся, што П.Красоўскі затрыманы пакуль толькі на 6 сутак. Працягнуць яму тэрмін знаходжання ў ізалятары ці адпусцяць на волю, стане вядома 10 кастрычніка, пасля прыезду ў Віцебск следчага А.Рассолькі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ