У Францыі адкрылі помнік памяці забітых журналістаў

У суботу, 7 кастрычніка, калі была забіта расійская журналістка Ганна Паліткоўская, у французкім горадзе Баё адкрылі мемарыял памяці 406 журналістаў свету, забітых паміж 1997 і 2005 гадамі. На адкрыцці мемарыялу прысутнічаў генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры бяз межаў” Робэр Менар. Ён падкрэсліў, што дэмакратыя не існуе без свабодных мэдыяў.

Нагадаем, што вядомая журналістка, палітычная аглядальніца “Новой газеты” Ганна Паліткоўская была забітая 7 кастрычніка ў Маскве ў пад’ездзе свайго дому.
Многія расійскія журналісты, палітыкі, праваабаронцы звязваюць забойства Г. Паліткоўскай з яе прафесійнай дзейнасцю. Апошнім часам Ганна Паліткоўская займалася журналісцкімі раследаваннямі гучных справаў у Чачні.
Забойства журналістаў – не навіна для Расіі. Паводле Камітэту абароны журналістаў, які знаходзіцца ў Нью-Ёрку, Г.Паліткоўская стала 42-м забітым расійскім журналістам пасля краху СССР. Яна ж стала 12-м забітым журналістам у Расіі падчас прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна. Сам Пуцін, які святкаваў 7 кастрычніка свой дзень нараджэння, ніяк не пракаментаваў забойства. Пры гэтым Дзярждэпартамент ЗША, кіраўніцтва Еўрапейскага Саюзу, Рады Еўропы, АБСЭ заклікалі ўлады Расіі зрабіць усё, каб справа была дасканала расследавана, а забойцы былі пакараныя.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць