Сёння Паўла Красоўскага дапытваюць у трэці раз

Сёння ва ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Віцебскай вобласці ідзе ўжо трэці па ліку допыт 23-гадовага моладзевага актывіста з Жодзіна Паўла Красоўскага. Допыт быў прызначаны на 10 гадзін раніцы. Маладога чалавека прывезлі на пачатку 11-й. Пакуль канваіры выводзілі яго з машыны, яго маці Тамара Канстанцінаўна паспела сказаць сыну ўсяго некалькі словаў. Доўга размаўляць ім не дазволілі. Павел трымаўся спакойна, але выглядаў досыць стомленым. Учора яго таксама дапытвалі, і адразу пасля допыту зноў адправілі у ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён правёў пяць сутак, з вечара 5 кастрычніка.
Тамара Красоўская знаходзіцца ў Віцебску ўжо другі дзень. Дзеля паездкі да сына ёй давялося шукаць сабе замену на працы. Але пакуль яна так і не змагла перадаць Паўлу прадукты харчавання і цёплыя рэчы. Маці катэгарычна адмаўляе датычнасць сына да віцебскіх выбухаў. Скарыстаўшыся яе стрэсавым станам, з ёю ўчора таксама правялі допыт.
Учора ў Віцебску таксама была будучая жонка Паўла – Дар’я. Між іншым, дзяўчына чакае дзіця, прычым знаходзіцца на апошніх месяцах цяжарнасці. Выказаць падтрымку Паўлу прыязджалі і ягоныя сябры і аднадумцы з Глыбокага, Мінску, роднага Жодзіна.
Нагадаем, што П.Красоўскі затрыманы па падазрэнні ў датычнасці да выбухаў у Віцебску, якія здарыліся летась 14 і 22 верасня. Па словах адваката Паўла Сапелкі, хлопцу прад’яўлена абвінавачванне па артыкулу 14 («Замах на злачынства»), а таксама пунктах 1 і 5 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса РБ («Забойства двух ці болей асоб, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам»).


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць