У віцебскай гімназіі №1 будуць вучыць кітайскую мову

З кастрычніка ў віцебскай гімназіі №1 усе жадаючыя старшакласнікі, пачынаючы з 9 класа, будуць вывучаць кітайскую размоўную мову і асновы культуры гэтай краіны. Пачынанне, канешне, добрае. Але гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што ў нас гатовы вучыць любую мову, нават самую экзатычную, толькі не сваю родную.Рашэнне стварыць факультатыў па кітайскай мове саспела ў адміністрацыі гімназіі пасля таго, як летась навучальную ўстанову наведала культурны аташэ амбасады Кітая ў Беларусі Чжан Ін. Затым тут прымалі дэлегацыю з кітайскай правінцыі Шаньдун. І ў гімназіі палічылі, што ў Віцебску таксама могуць спатрэбіцца спецыялісты з веданнем гэтай мовы.
Заняткі будуць весці студэнты ВДУ імя Машэрава Чжан Е і Чжан Чжэнь Хуа. Апошні, дарэчы, ужо чацвёрты год выкладае падобны курс ў СШ №44 Віцебска. Самі ж яны вывучаюць у ВДУ рускую і англійскую мовы.
Штогод амбасада Кітая арганізуе ў розных краінах конкурс на веданне кітайскай мовы. Пераможцы едуць у Паднябесную, а самым лепшым прадстаўляецца магчымасць навучання ў Пекінскім універсітэце. Адміністрацыя гімназіі №1 мае спадзеў, што іхнія вучні могуць некалі стаць такімі шчасліўчыкамі.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ