Манастыр у часовым карыстанні

У Віцебску разгараецца канфлікт між ААТ «Віцебскі камбінат шоўкавых тканінаў» і Свята-Траецкім Маркавым мужчынскім манастыром. Кіраўніцтва камбінату выставіла настаяцелю храму ўльтыматум: альбо манастыр выкупляе будынак, які яму быў перададзены прадпрыемствам у часовае карыстанне, альбо высяляецца.

Пусты пяціпавярховы корпус фарбавальна-аздабляльнага камбінату шоўкавых тканінаў у 2002 годзе акцыянеры вырашылі даць манастыру у часовае карыстанне. Камбінат абавязваўся не спаганяць арэндную плату, а вернікі павінны былі кампенсаваць яму толькі камунальныя выдаткі. У перспектыве абмяркоўвалася магчымасць перадачы будынку ва ўласнасць. Аднак неўзабаве памянялася заканадаўства: будынак дазвалялася толькі прадаваць, прычым не танней за яго ацэначны кошт у 500 мільёнаў рублёў.

А тым часам царква працягвала карыстацца будынкам. За кошт ахвяраванняў прыхаджанаў быў зроблены рамонт. Амаль 100 мільёнаў рублёў пайшло на абнаўленне страхі, каналізацыі, усталяванне вокнаў і дзвераў. Цяпер манастыр – гэта своеасаблівая інфраструктура, у якую ўваходзяць ня толькі брацкі корпус і храм, але і інтэрнат для семінарыстаў, і прытулак для бяздомных людзей, дарэчы, адзіны ў Віцебскай вобласці.

«Сабакам прытулкі будуем, а пра людзей забываемся. Манастыр нясе на сабе гэты цяжар ня толькі нашага народу, але і ўсёй краіны», – гэтак адрэагаваў на ўльтыматум кіраўніцтва прадпрыемства айцец Сава, настаяцель Маркавага мужчынскага манастыру. Калі б праваслаўная епархія выкупіла будынак, то канфлікт мог быць вычарпаны. Але дзе ж узяць 500 мільёнаў рублёў? Ёсць яшчэ адно выйсце: камбінат, які церпіць фінансавыя цяжкасці, гатовы працягнуць дамову часовага карыстання, але з эканамічнай выгодай для сябе. «Камбінат, на балансе якога знаходзіцца будынак манастыра, плоціць за яго дзяржаве за нерухомасць, зямлю і амартызацыйныя адлічэнні. І хай усе гэтыя плацяжы будзе рабіць царква і адлічаць іх камбінату, а камбінат – да капейчыны – дзяржаве», – так пракаментавалі сітуацыю ў фондзе «Віцебскаблмаёмасць». Гэта значыць, цяпер вернікі штомесяц павінныя пералічаць камбінату каля 3 тысяч даляраў. Але і гэтых грошай у іх няма.

Абодва бакі спадзяюцца, што іх сітуацыю вырашыць прэзідэнт. Праект адмысловага ўказу быў распрацаваны супрацоўнікамі фонду «Віцебскаблмаёмасць» яшчэ год таму і перададзены асабіста Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту для таго, каб ён прапанаваў яго кіраўніку дзяржавы для разгляду. Але час ідзе, канфлікт разгараецца, а рашэння ўсё няма, паведамляе сайт газеты “Наша ніва” са спасылкай на “Нямецкую хвалю”.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць