«Витебский курьер» змяніў адрас

Рэдакцыя «Витебского курьера» у чарговы раз вымушана была змяніць адрас: газеце адмовілі ў працягу арэнды на былым месцы – у будынку таксаматорнага парку. Гэта ўжо другі пераезд на працягу года (папярэдні адбыўся ў лістападзе летась). З-за ўладкавання на новым месцы апошні нумар газеты выйшаў несвоечасова і трапіў да сваіх чытачоў замест аўторка ў сераду.

Зараз рэдакцыя месціцца па адрасе: Маскоўскі праспект, дом 120, 3-ці паверх, пакой №9. Для тых, хто ніколі не быў у гэтым раёне на ўскрайку Віцебска, падказваем, што нумар 120 (без корпуса) тут чамусьці маюць адразу чатыры будынкі. Таму майце на ўвазе: “Курьер” знаходзіцца менавіта ў чатырохпавярховым доме ярка-сіняга колеру. Больш зручны праход туды – з боку вуліцы Петруся Броўкі. Калі будзеце ісці з боку Маскоўскага праспекта, рызыкуеце паламаць ногі (на поўным сур’ёзе).

Зараз з настальгіяй узгадваюцца часы, калі “Курьер” знаходзіўся ў цэнтры горада – у вялікім і прыстойным будынку КДЦ “Віцебск”. І журналістам было зручна туды забегчы, і чытачам прыйсці. А рэдакцыйны прытулак то на Гагарына, то вось зараз у канцы Маскоўскага нагадваюць высылку ў Сібір. Праўда, на новым месцы ў супрацоўнікаў рэдакцыі больш зручныя ўмовы для працы – тры пакоі. На Гагарына было два.

Новы тэлефон рэдакцыі: 27-91-21.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ