Бел-чырвон-белы сьцяг над начным Віцебскам

Позна ўвечары 26-га кастрычніка над так званым “Сінім домам” жыхары Віцебску маглі бачыць бел-чырвон-белы сьцяг.

Праўда, лунаць яму давялося нядоўга, усяго 5-7 хвілін: ахоўнікі правапарадку падняліся на дах і адчапілі нацыянальны сымбаль ад лічбы 9 у даце заснаваньня Віцебску, якая ў часе “Славянскага базару” падсьвечваецца каляровымі агенчыкамі.

Паводле вядомага віцебскага апазыцыянера Барыса Хамайды, які таксама быў сярод вечаровых мінакоў, да сьцяга была прыкладзена запіска наступнага зьместу: “Са сьцягам Кастуся Каліноўскага мы пераможам!” І подпіс — “Мірон”.

На думку спадара Хамайды, нехта з “пільных грамадзянаў”, заўважыўшы “няправільную сымболіку”, мог патэлефанаваць у міліцыю ды выклікаць нарад. Ня выключана таксама, што ахоўнікі правапарадку й самі заўважылі сьцяг на даху, бо раён Плошчы Свабоды кантралюецца і міліцэйскімі патрулямі, і з дапамогаю камер відэасачэньня. Тым ня менш, невядомага “Мірона”, які павесіў сьцяг, міліцыянтам затрымаць так і не ўдалося.

Шкада, што за тыя некалькі хвілінаў, цягам якіх бел-чырвон-белы сьцяг лунаў над вуліцай Леніна, журналісты не пасьпелі яго сфатаграфаваць.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ