“Мастацтва агню і метала” у віцебскай ратушы

Мастацтва агню і металу. Віцебск. Фота Сержука СераброЯк мы ўжо паведамлялі, у абласным краязнаўчым музеі з 26 кастрычніка праходзіць міжнародная выстава твораў кавальскага майстэрства “Мастацтва агню і метала”. На прэзентацыі экспазіцыі было вельмі людна. Прыйшла нават сама Папялушка.

Яе ролю сыграла актрыса тэатра “Лялька” Вольга Маханькова, якая распавяла, што яе гераіня, як і кавалі, робяць самую цяжкую і брудную працу, але ж якой чысцінёй і прыгажосцю ззяюць вынікі іхніх высілкаў. Мастакоў таксама павіншавалі дырэктар абласной бібліятэкі Аляксандр Сёмкін, актрыса коласаўскага тэатра Раіса Грыбовіч, якая некалькі гадоў запар з’яўляецца вядучай свята “Баль у Гефеста” і кавальскіх майстар-класаў падчас “Славянскага базара”, і іншыя прадстаўнікі віцебскай інтэлігенцыі.

На выставе можна ўбачыць больш за 100 прац з каванага металу мастакоў-кавалёў з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі. Сярод удзельнікаў вернісажа – старэйшы каваль Расіі Уладзімір Маркаў (Санкт-Пецярбург), вядомыя беларускія кавалі Аляксандр Міхалевіч (Мінск), Юрый Круш (Гродна), Зігмунд Сабко (Баранавічы), Юрый Фурс (Паставы), старшыня Саюза кавалёў Украіны Сяргей Палубоцька, знакаміты майстар з Літвы Уладас Кузінас (Вільнюс) і інш. Таксама тут экспануюцца творы мастакоў фабрыкі «ОСТ» і беларускіх ды украінскіх студэнтаў.

Мастацтва агню і металу. Віцебск. Фота Сержука СераброУ экспазіцыі прадстаўлены прадметы інтэр’еру, мэбля, малая пластыка, інсталяцыя, зброя, элементы архітэктурнага дэкору, ландшафтная скульптура. Яе аснову складаюць працы ўдзельнікаў кавальскіх майстар-класаў, многія з якіх былі выкананы прама на вачах у гледачоў на фестывальнай пляцоўцы “Славянскага базара”.

Па словах кіраўніка выставы, супрацоўніцы фабрыкі “ОСТ” Эмы Краснабаевай, падобны міжнародны праект – першы ў Беларусі. «І мы ганарымся тым, што гэта падзея праходзіць менавіта ў Віцебску, які па праву можна назваць сталіцай беларускай культуры, у горадзе, дзе моцна захаваліся традыцыі старажытнай кавальскай справы”, – сказала яна.

Удзельнікі выставы падарылі Віцебску тры сваіх творы. Так, работа «Ліра» упрыгожыць абласную бібліятэку, а кампазіцыя «Тры штыкі» будзе ўстаноўлена ў будынку аблвыканкама. Абедзьве работы зрабілі мастакі Гільдыі кавалёў Санкт-Пецярбурга і Паўночнага Захаду Расіі. Падарункам абласному краязнаўчаму музею стала работа ў авангардным стылі – «Віцебская прыгажуня» (аўтар Уладас Кузінас).

Арганізатарам гэтага арт-праекта, які можна ўбачыць да 10 снежня, высупіла Віцебская фабрыка мастацкіх кавальскіх вырабаў «ОСТ».

Мастацтва агню і металу. Віцебск. Фота Сержука Серабро

Меткі: ,

Чытайце яшчэ