У Шумілінскім раёне знойдзена пахаванне французскага і савецкага лётчыкаў

Рэшткі двух лётчыкаў знайшлі падчас правядзення вадаправоду ў пасёлку Прыазёрны Шумілінскага раёну. Затым на гэтым месцы правялі раскопкі сапёры 52-га пашуковага батальёну Міністэрства абароны. Яны і ўстанавілі асобу аднаго з загінуўшых – дапамог медальён. На ім было імя Віктара Ткачова, родам з Казахстану. Другі лётчык, на думку пашуковікоў, хутчэй за ўсё, француз.

На гэта ўказваюць лётныя чаравікі і люлька з дарагога матэрыялу. Гэтыя рэчы не савецкага ўзору і маглі належаць толькі заможнаму чалавеку. Вядома, што сярод французскіх лётчыкаў палку “Нармандыя-Нёман” было нямала графаў і баронаў. Адзін з іх загінуў на тэрыторыі Беларусі і месца яго пахавання невядома. Магчыма, шумілінская знаходка пралье святло на гэту гісторыю. Прынамсі, спецыялісты пацвярджаюць гэту версію. Французскія лётчыкі з палка “Нармандыя” актыўна ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. У лістападзе 1944 за мужнасць падчас баёў над Нёманам палку прысвоілі назву “Нармандыя-Нёман”. 42 пілоты палка загінулі, чацвёра сталі Героямі Савецкага Саюза. У чэрвені 1945 года полк вярнуўся на радзіму і існуе ў французскай арміі і зараз. Рэшткі загінуўшых воінаў будуць перазахаваныя, пасля таго, як правядуць патрэбныя ў такіх выпадках працэдуры і ўстановяць адрасы сваякоў, паведамляе ОНТ.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць