У Віцебску адбудуцца мерапрыемтсвы ў межах праекта “Латышы на Віцебшчыне”

У Віцебску з 13 па 15 лістапада адбудзецца шэраг мерапрыемтсваў  у межах супольнага беларуска-латышскага праекта  «Латышы на Віцебшчыне». Культурніцкія і навуковыя акцыі пройдуць напярэдадні Дня незалежнасці Латвіі, які жыхары суседняй дзяржавы адзначаюць 18 лістапада. Аб гэтым паведамілі сёння на прэс-канферэнцыі ў музеі М.Шагала, прысвечанай гэтаму сумеснаму праекту.

Усяго запланавана чатыры мерапрыемствы. 13 лістапада ў літаратурным музеі пройдзе вечарына, прысвечаная творчасці латышскага паэта і грамадскага дзеяча Яніса Райніса. Дарэчы,  яго многае яднае з Беларуссю і нашым горадам. У Віцебску, на Стара-Сямёнаўскіх могілках, пахавана маці латышскага песняра Дарта Пліекшане, ад якой маленькі Яніс навучыўся беларускай мове.

14 лістапада ў абласным краязнаўчым музеі адбудзецца прэзентацыя выставы  «Латышская дыяспара на Віцебшчыне», дзе будуць прадстаўлены архіўныя дакументы і матэрыялы, якія тычацца розных бакоў жыцця латышоў у нашым рэгіёне ў XIII-XIVст.ст. і XVIII – пачатку XX ст.ст. На працягу двух дзён, 14-15 лістапада, пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная беларуска-латышскаму ўзаемадзейнічанню ў Дзвінскім рэгіёне. У ёй прымуць удзел больш за 20 навукоўцаў з Латвіі, Беларусі, Расіі. А завершыцца праект 15 лістапада прэзентацыяй выставы “Глейна”, на якой будуць экспанавацца творы 24-х прадстаўнікоў Даўгаўпілскай асацыяцыі мастакоў і 25-ці ўдзельнікаў вядомага віцебскага арт-праекта «Пантон».

Па выніках праекта будуць выданы зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі і каталог, у які ўвойдуць працы мастакоў, удзельнікаў выставы “Глейна”.  Дарэчы, пасля прадстаўлення ў нашым горадзе экспазіцыю віцебскіх і даўгаўпілскіх мастакоў пабачаць аматары мастацтва ў Гомелі, Мінску, Бабруйску.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ