Вясковец знайшоў у двары парэшткі невядомага нямецкага салдата

За 10 дзён жыхар вёскі Славені Талачынскага раёну прайшоў шэраг інстанцыяў, пасьля чаго пераканаўся: перазахаваньнем займацца ніхто не зьбіраецца.

Яшчэ ў дзяцінстве Руслан Кузьміцкі пачуў ад свайго дзеда пра тое, што ў час Вялікай айчыннай вайны якраз ў іхным двары немцы пахавалі свайго забітага суайчынніка. Але гэтую гісторыю ён уважаў ня больш як за сямейную легенду, пакуль 1-га лістапада не наткнуўся на чалавечыя косткі, укопваючы слупок пад новы плот. Тут жа знайшлася скураная папруга з жалезнай спражкай, абрывак пагона са срэбнай аблямоўкай і некалькі гузікаў...

Руслан Кузьміцкі вырашыў пашукаць структуру або арганізацыю, якая зацікавілася б ягонай знаходкай. Тым больш, што з мінулае вайны ў памяці ягонай сям"і засталася яшчэ адна легендарная старонка: недзе ў Польшчы падчас вызвалення Варшавы загінуў дзядзька Руслана, і месца ягонага пахаваньня таксама дагэтуль невядомае. З думкамі пра сваяка, які, мажліва, таксама знайшоў апошні спачын дзе-небудзь на ўскрайку чужой сядзібы , Руслан Кузьміцкі патэлефанаваў у пасольства Нямеччыны. Там прапанавалі зьвярнуцца да іх у пісьмовай форме, і вясковец тут жа склаў адпаведны ліст.

Не чакаючы адказу ад замежнікаў, Руслан Кузьміцкі зьвярнуўся ў беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Адтуль яго перанакіравалі ў Талачынскі райваенкамат. У райваенкамаце паглядзелі на гузікі з папругай, патэлефанавалі ў аблваенкамат ды загадалі чакаць. Яшчэ праз колькі дзён перапыталі адрас Руслана Кузьміцкага ды сказалі, што 10-га лістапада да яго дашлюць пашуковую групу адмысловага батальёна, які займаеца эксгумацыяй. Але групу дагэтуль так і не даслалі.

Тым часам парэшткі невядомага жаўнера, прыкрытыя брэзентам, так і ляжаць узбоч дарогі за плотам. Побач вядзецца будаўніцтва "прэзыдэнцкіх домікаў". Цікаўыя будаўнікі таксама прыходзілі паглядзець на незвычайную знаходку. І ў тым выпадку, калі па парэшткі нямецкага жаўнера так ніхто й не з"явіцца, яны прапанавалі ўласную дапамогу – вывезці парэшткі з двара, перазахаваць у больш прыдатным месцы і нават паставіць невялічкі помнік, "пазычыўшы" на гэта паўмяха цэменту ў дзяржавы.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць