У Віцебску з’явяцца кавярня з беларускімі стравамі і музей керамікі

Улетку 2007 года ў Віцебску павінна скончыцца рэканструкцыя архітэктурнага комплексу “Саляныя склады”, які з’яўляецца помнікам 18-га стагоддзя. Пасля рэканструкцыі пашырыцца плошча Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”, які знаходзіцца ў гэтым гістарычным месцы і займае пакуль адзін будынак.

У другім жа будынку плануюць адкрыць кавярню з беларускай кухняй, залю народных абрадаў. Адчыніцца музей керамікі. На падворку ўсталююць ганчарную печ, і кожны жадаючы зможа заказаць сабе сувенір у майстра або паспрабуе зрабіць яго сам.  У новым будынку таксама будзе студыя для ансамбля “Жалейка” з пакоем для рэпетыцый і памяшканнем для захоўвання інструментаў.

Заказчыкам рэканструкцыі аб’екта з’яўляецца аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, праект будоўлі належыць “Віцебскпраектрэстаўрацыі”, а выконвае працу будаўнічая кампанія “Руст”. Сёлета на аднаўленне помніка архітэктуры пайшло 377 мільёнаў рублёў. На завяршэнне рэканструкцыі “Саляных складоў” Міністэрства культуры дадаткова выдзеліла яшчэ 1 мільярд рублёў. Паводле газеты “Віцьбічы”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ