Аляксандар Мілінкевіч наведаў Дуброўна і Воршу

Разам з іншымі сябрамі ініцыятыўных груп ён узяў удзел у зборы подпісаў дзеля вылучэньня на выбары мясцовых апазіцыянераў: сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксея Гаўруцікава, які мае намер балатавацца ў Віцебскі абласны савет па Дубровенскай выбарчай акрузе №12, і актывісткі руху "За свабоду!" Ліліі Ануфрыевай, якая імкнецца стаць дэпутаткай аршанскага гарсавету.
Пасля гутарак з жыхарамі абодвух райцэнтраў Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што ў рэгіёнах адчуваецца вялікі недавер да "народных абраньнікаў". Бо тыя штораз йдуць на мясцовыя выбары з вялікімі абяцаннямі, а насамрэч нічога не робяць. Таму людзі перасталі ставяцца да выбараў сур"ёзна: яны не спадзяюцца на тое, што дэпутаты ад апазіцыі здолеюць палепшыць іхнае жыццё, і пэўныя, што наменклатурныя дэпутаты перамогуць на выбарах любым коштам.

Тым не менш, і Аляксею Гаўруцікаву, і Ліліі Ануфрыевай удалося сабраць за сённшні дзень некалькі дзесяткаў подпісаў, а таксама даць сваім землякам магчымасьць пазносіцца з лідарам аб"яднаных дэмакратычных сіл.

Усяго каля 30-ці патэнцыйных кандыдатаў з Віцебшчыны ўключылі Аляксандра Мілінкевіча ў склад сваіх ініцыятыўных груп. Заўтра ён наведае Полацк, Наваполацк і Навалукамаль, а паслязаўтра сустрэнецца з жыхарамі абласнога цэнтру.

Чытайце яшчэ