А.Мілінкевіч распавёў пра вынікі сваёй паездкі па Віцебшчыне і затрыманне мясцовымі даішнікамі

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч  сёння праводзіў збор подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў у Віцебску. Раніцай ён наведаў пасёлак Руба, збіраючы падпісы за Тамару Карызну. Пасля ў абласным цэнтры палітык сустракаўся з патэнцыйнымі выбарцамі, якія паставілі свае подпісы за Таццяну Севярынец – маці моладзевага лідэра Паўла Севярынца.

Напярэдадні, 23 лістапада, А.Мілінкевіч разам з сябрамі ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы наведаў Навалукомль, Полацк, Наваполацк. А 22-га пабываў у Дуброўна і Оршы. У Навалукомлі лідэр дэмсілаў збіраў подпісы за былога кіраўніка свайго перадвыбарчага штабу Хрыстафора Жаляпава, а ў Дуброўна – за старшыню абласной арганізацыі БСДП (НГ) Аляксея Гаўруцікава.

Падводзячы вынікі сваёй паездкі па Віцебшчыне, А.Мілінкевіч адначыў: «Віцебск яўна адрозніваецца ад тых гарадоў, якія я наведаў раней. Тут практычна ўсе давалі свае подпісы, адмоваў амаль не было. Але самае важнае для мяне – не колькасць подпісаў – звычайна я збіраю падпісны ліст, а якасць праведзеных размоў. Хаця ёсць галоўная праблема: апатыя людзей. Большасць людзей не вераць, што выбары могуць штосьці змяніць, і лічаць, што палітыкай не трэба займацца. Гэта – праблема Беларусі. І для мяне вельмі важна зразумець сітуацыю ў краіне. А вось такія паходы ў народ лепей, чым навуковыя трактаты па сацыялогіі”.

Па словах палітыка, яму таксама «важна аказаць падтрымку тым людзям, з якімі працаваў раней, у іншых кампаніях, а зараз зноў разам”.

Наконт учорашняга інцыдэнта, калі іх з Х.Жаляпавым затрымалі супрацоўнікі абласной ДАІ ў сувязі з падазрэннем, што машына, у якой яны ехалі, здзейсніла дарожна-транспартнае здарэнне, А.Мілінкевіч патлумачыў: «Нас чакалі, як толькі мы ўехалі ў Віцебск. Машына спынілі каля 22 гадзін. Яны спынілі нас з “мігалкамі”, як нейкіх злачынцаў. Затым доўга складалі пратакол, аглядалі розныя драпінкі і ўмяцінкі на машыне. У ДАІ мы знаходзіліся каля дзвюх гадзін, дзесьці да 12 ночы. Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе вельмі прыстойна, неагрэсіўна. Я думаю, што ім было сорамна за тое, што яны робяць – гэта была не іх ініцыятыва”.

Ён выказаў непаразуменне: «Калі машына падазраваецца ў тым, што яна кагосьці збіла, то навошта рабіць яе вобшук, глядзець, што знаходзіцца ў багажніку і іншых месцах?» «Я думаю, што ўвогуле ніякай аварыі не было», – лічыць палітык.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць