Орша рыхтуецца да “Дажынак-2008”

Орша ўжо пачала падрыхтоўку да рэспубліканскага фестывалю-кірмаша “Дажынкі”, які пройдзе тут праз два гады.

Губернатар вобласці Уладзімір Андрэйчанка даручыў мясцовым уладам распрацаваць канцэпцыю свята. А таксама вызначыцца, якія аб’екты да фестывалю трэба пабудаваць, якія – адрэстаўраваць, якія – капітальна адрамантаваць, і дзе знайсці грошы на гэта ўсё.

Але ўжо зараз вядома, што галоўныя падзеі свята пройдуць на цэнтральнай плошчы Оршы, у парку культуры і адпачынку, а таксама на суседніх вуліцах. І менавіта тут у першую чаргу трэба заняцца добраўпарадкаваннем. Прынята рашэнне аб рэканструкцыі архітэктурнага помніка 18 стагоддзя – будынка калегіума іезуітаў, які знаходзіцца побач з паркам культуры і адпачынку. Збіраюцца адрамантаваць і мост праз раку Аршыцу па вуліцы Міра, аднавіць стадыён і шэраг іншых аб’ектаў.

Апроч таго, аршанскім уладам рэкамендавалі ўзяць крэдыты і завершыць у першым квартале наступнага года рэканструкцыю радзільнага дома і СШ №1. Здаць гэтыя аб’екты сёлета, як спачатку планавалася, не атрымаецца – не хапае грошай, піша газета “Народнае слова”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ