Мілінкевіча чакае суд за незаконнае перасячэнне мяжы

Лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандра Мілінкевіча абвінавацілі ў наўмысным незаконным перасячэнні мяжы па падложных дакументах. На палітыка склалі пратакол аб парушэнні артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна гэтаму артыкулу Аляксандру Мілінкевічу пагражае штраф ці папраўчыя працы да двух месяцаў. Нагадаем, што Мілінкевіч удзельнічаў у Рызе ў саміце НАТА па запрашэнні прэзідэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбергі. Падчас саміту з ім сустракаўся прэзідэнт ЗША Джордж Буш.

29 лістапада ўвечары лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск-2”. Аляксандр Мілінкевіч вяртаўся з Рыжскага саміту НАТА. Памежнікі пачалі “высвятляць”, якім чынам Мілінкевіч апынуўся ў Рызе, бо ў яго пашпарце няма штампа аб выездзе з Беларусі. Высветлілася, што, калі лідэр дэмакратычных сіл некалькі дзён таму ляцеў у Рыгу на саміт НАТА, то памыліўся і аддаў беларускім памежнікам не свой пашпарт, а пашпарт сына – таксама Аляксандра Мілінкевіча, але 1974 года нараджэння. Пашпарт сына аказаўся ў Мілінкевіча выпадкова і ляжаў у адной кішэні з ягоным. Памежнікі па халатнасці не звярнулі ўвагі, што ўладальнік пашпарта на 25 гадоў старэйшы за адзначаны ў дакуменце ўзрост, што ў пашпарце адсутнічае латвійская віза, паставілі ў ім штамп.

Паводле milinkevich.org

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ