Паўла Севярынца не пусцілі ў чарговы адпачынак

Маці моладзевага лідэра Тацяна Севярынец чакала сына ў Віцебску яшчэ 29-га лістапада – паводле закону, “хімікі” маюць права на штомесячны адпачынак дома. Аднак адміністрацыя Ветрынскай спэцкамэндатуры спачатку перанесла ад'езд Паўла на 2-га сьнежня, затым – на 10-га сьнежня, а потым – увогуле на няпэўны тэрмін.Як паведамдяе “Радыё Свабода”, адтэрміноўку ў Ветрынскай камэндатуры (Полацкі раён) тлумачаць адмысловым загадам "зьверху", паводле якога, маўляў, дадому гэтымі днямі не паедзе ніводзін з мясцовых "хімікаў". Аднак Тацяна Севярынец не выключае, што напярэдадні мясцовых выбараў можа паўтарыцца тая ж сытуацыя, у якой Павал апынуўся напярэдадні выбараў прэзыдэнта: яшчэ за тры месяцы да 19-га сакавіка яму было забаронена выяжджаць з Малога Сітна, дзе ён адбывае пакараньне за арганізацыю акцый пратэсту ўвосень 2004 году.

Пакуль, паводле спадарыні Тацяны, ніхто не гаворыць пра катэгарычную забарону адпачынку да 14-га студзеня, калі будуць праходзіць мясцовыя выбары. Але тое, што ўжо пачаліся беспадстаўныя адтэрміноўкі, спадарыня Тацяна тлумачыць нежаданьнем уладаў і праваахоўных органаў бачыць у Віцебску напярэдадні значных палітычных падзеяў "небясьпечнага" грамадзкага актывіста.

Дарэчы, спадарыня Тацяна сама мае намер балятавацца ў Віцебскі гарсавет, і ўжо ўчора аддала на рэгістрацыю 327 подпісаў патэнцыйных выбарцаў, знарок перавысіўшы неабходную паводле заканадаўства колькасьць (75 подпісаў) больш, як у чатыры разы – каб мець пэўны запас на выпадак таго, што на людзей будуць ціснуць, каб яны свае подпісы адклікалі.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ