Севярынец прапануе зьмяніць шыльду ў замку ў Малым Сітне

Павал Севярынец, які ужо 16 месяцаў знаходзіцца на так званай “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну, днямі накіраваў ліст на імя старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэту Валерыя Палідаўца. Севярынца цікавіць гісторыя Малога Сітна і абарончага замку, збудаванага тут ў 16 стагодзьдзі.
“Зараз накіроўваю заяву ў Полацкі раённы выканаўчы камітэт з прапановай замяніць памятны знак на замчышчы Сітна. Там яшчэ за савецкім часам усталявана нейкая падабізна магільнага помніка, на якім па-расейску напісана, што тут расейскае войска атрымала нейкія свае вялікія перамогі. У сувязі з тым, што гістарычная праўда зусім іншая: якраз беларуска-польская дзяржава нанесла тут паразы расейскаму войску, – мы патрабуем ад Полацкага райвыканкама усталяваць іншы помнік, зь беларускім тэкстам, які б адпавядаў гістарычнай праўдзе, а таксама прывесьці ў парадак замчышча, ахоўваць яго і зрабіць адным з аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры Полацкага краю”, распавёў П.Севярынец.
Павал Севярынец зьвярнуўся да раённых уладаў не як прыватная асоба, а як кіраўнік Маласітненскай суполкі ТБМ. У плянах суполкі таксама правядзеньне месячніка беларускай літаратуры ў мясцовай школе і перадача ў вясковую бібліятэку кніг, якія пісьменьнікі прывезьлі ў Малое Сітна.

Сітненскі замак быў збудаваны маскавітамі пасьля захопу імі ў 1563 годзе Полацка. Уяўляў ён сабой чатыры драўляных 3-ярусныя вежы, злучаныя міжсобку абарончымі сьценамі. У 1566 годзе войскі Вялікага княства Літоўскага разбурылі ўмацаваньні, але неўзабаве маскоўскае войска іх аднавіла. Канчаткова войскі Івана Жахлівага былі выбіты зь Сітна ў 1579 годзе, і ад таго часу, 200 наступных гадоў, замак выконваў ролю памежнага фарпосту на мяжы з Расейскай дзяржавай. На тым месцы захавалася замчышча з фрагмэнтамі землянога валу.
За часамі Інфлянцкай вайны расейскі цар Іван Жахлівы, каб утрымацца на захопленай тэрыторыі, загадаў збудаваць вакол Полацка яшчэ некалькі ўмацаваных замкаў: Казян, Сокал, Ула, Суша, Красны, Туроўля. Захаваліся іх схематычныя выявы, выкананыя мастаком і картографам Станіславам Пахалавіцкім. Такім чынам, у пэрспэктыве яны могуць быць адноўленыя як турыстычныя аб’екты, як месца ладжаньня рыцарскіх турніраў і здымкаў гістарычных кінафільмаў. //Радыё Свабода

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ