Стыхійны страйк на “Чырвоным Кастрычніку” скончаны

Сёння работнікі закройнага цэху №1 віцебскай абутковай фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік" працавалі. Прадстаўнікі забастоўшчыкаў вялі раніцай перамовы з дырэктарам прадпрыемства. Ён паабяцаў ім павысіць заробкі. Але пры гэтым на фабрыцы нервовы стан: адміністрацыя атрымала прачуханец ад вышэйшага кіраўніцтва, а забастоўшчыкі - ад сваіх начальнікаў.

"Сёння мы ўжо працуем. Раніцай чалавек 7 ці 8 з ліку тых, хто не працаваў у пятніцу, хадзілі да дырэктара. Ён размаўляў з кожным індывідуальна. Паабяцаў перагледзіць расцэнкі працы, прыслаць да нас нарміроўшчыка. З аднаго боку, добра, што мы баставалі. А з другога, трапіла ўсім - і нашаму начальству, якое сказала нам, што гэтай несанкцыянаванай забастоўкай нібыта зацікавілася пракуратура, і нам - ад начальства", - распавяла адна з забастоўшчыц, якая не назвала свайго прозвішча, бо баіцца яшчэ большых непрыемнасцяў.

Дырэктар фабрыкі спадар Шаталаў сцвярджае, што "ніякай забастоўкі на фабрыцы не было". І ўдакладняе: "Гэта інфармацыя - хлусня". Падобна, слова "хлусня" вельмі падабаецца адміністрацыі "Чырвонага Кастрычніка". Яго ж ужывала ў размовах з журналістамі і намесніца галоўнага інжынера прадпрыемства Ларыса Воюш. Дарэчы, тое, што рабочыя сядзелі з выключанымі станкамі, гэта спадарыня ахарактарызавала як "абедзенны перапынак".

Нагадаем, што ў мінулую пятніцу, 8 снежня, каля 25 супрацоўнікаў закройнага цэха №1 фабрыкі прыйшлі раніцай на працу, але не ўключылі станкі і патрабавалі павысіць заробкі. Ужо да канца змены кіраўніцтву фабрыкі ўдалося "угаварыць" забастоўшчыкаў, і яны прыступілі да працы.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць