Дзед Мароз, Санта-Клаус ды Зюзя

На тое, хто такі Зюзя, большасць беларусаў, на жаль, забылася. А гэта ж наш, старажытнабеларускі бог холаду і марозу. Інакш кажучы, беларускі Дзед Мароз. Зюзя ўяўляўся беларусам старым, з белымі, як снег, валасамі на галаве і такой жа даўжэзнай барадой, нізенькага росту, тоўсты; увесь у белай цёплай вопратцы; ногі ў яго босыя, а галава нічым не пакрытая, у руцэ - жалезная булава. Зюзя ўзнімае завiруху, мяцелiцу, выклiкае сцюжу, маразы.
Святочных падарункаў, паводле старажытных паданняў, Зюзя не прыносіць. Але у мінулым годзе на Пастаўшчыне вырашылі менавіта гэтую акалічнаць крышачку змяніць. Тут абсталявалі рэзідэнцыю Зюзі – накшталт тых, што ладзяцца для расейскага Дзеда Мароза ды замежнага Санта-Клауса. Вядома, у пастаўскай Зюзінай сядзібе менш раскошы, але гасцям там заўсёды рады. Месціцца яна недалёка ад вёскі Пруднікі. Турыстаў там чакае экскурсія, вясёлы спектакль, ласункі ды прысмакі. У мінулым годзе сядзібу Зюзі наведалі каля 1600 чалавек. Сёлета, як усталюецца сапраўднае зімовае надвор’е, да старажытнага бога холаду маюць далучыцца іншыя паганскія боствы – Завея, Напасьця, Ледавік ды Агнявік.
Паводе газеты “Пастаўскі край”.

Меткі:

Чытайце яшчэ