Апазіцыя байкатуе выбары?

Як паведаміла Радыё Свабода, два наваполацкія апазіцыянеры адмовіліся ад удзелу у выбарах.
Антон Ясіновіч, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі зрабіў гэта як знак салідарнасці з трыма наваполацкімі актывістамі, якіх не зарэгістравалі кандыдатамі. Сябра Партыі камуністаў беларускай Вячаслаў Крышталёў вырашыў зняць сваю кандыдатуры з прычыны недэмакратычнасці выбарчага працэсу. Ён лічыць, што удзел у ім “з’яўляецца маўклівай згодай з парушэннем Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу”. Адмовіўся удзельнічаць у выбарах і старшыня Віцебскай суполкі БНФ Кастусь Смолікаў, які быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты абласнога савету па выбарчай акрузе №52. Ен прыняў такое рашэнне пасля таго, як нават праз абласны суд не удалося зарэгістравацца ніводнаму з іншых прадстаўнікоў апазіцыі у Віцебску. Спадар Смолікаў, паводле Радыё Свабода, лічыць мясцовыя выбары “фарсам” і адзначае, што не мае жадання удзельнічаць у гульнях улады. Са спадарамі Ясіновічам, Крышталёвым і Смолікавым згодны і легендарны падпольшчык Мірон. На даху аднаго з жылых дамоў каля Пралетарскай плошчы у Віцебску ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг, да якога, як паведаміў са спасылкай на вартыя даверу крыніцы віцебскі актывіст ад апазіцыі Барыс Хамайда, прымацавана цыдулка з заклікам байкатаваць “выбарчы фарс”.
Тым часам улады вызначылі дату датэрміновага галасавання. Усе жадаючыя могуць зрабіць свой выбар ужо з 9 снежня. Агітацыйная кампанія у гэты час будзе працягвацца.

Меткі:

Чытайце яшчэ