Герб Віцебска, які ўпрыгожваў Ратушу, стаў музейным экспанатам

Герб Віцебска з выявай Спаса Збаўцы, які раней упрыгожваў Ратушу, а пасля доўгі час знаходзіўся ў музейных сховішчах, зараз можна пабачыць сярод экспанатаў абласнога краязнаўчага музея.

Герб быў усталяваны на гарадской Ратушы ў 1997 г. – да 400-годдзя надання Віцебску Магдэбургскага права. Двухметровы геральдычны сімвал зрабіў з бронзы віцебскі скульптар Валерый Магучы. Герб асвяціў тады архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, а над устаноўкай яго на Ратушы працавала вялікая група спецыялістаў на чале з галоўным архітэктарам горада Барысам Лядэнка. Аднак знак упрыгожваў Ратушу нядоўга: яго знялі перад яе рэканструкцыяй у 2000 г. А пасля капрамонту архітэктурныя асаблівасці вежы змяніліся, і герб змясцілі на захаванне ў музейных фондах. Зараз ён экпануецца, і гэта ўсё ж лепей, чым ляжаць у сховішчах і пакрывацца пылам. Далейшы яго лёс пакуль пад пытаннем. Некалькі гадоў таму збіраліся зрабіць герб своеасаблівай візітоўкай Віцебска, усталяваўшы на ўездзе ў горад. Але ж грошаў на гэта не знайшлося.  

Герб Віцебска спецыялісты называюць унікальным: на ім змешчана выява Спаса Збаўцы. А па рэлігійных законах адлюстроўваць на геральдычных знаках вышэйшыя хрысціянскія святыні забаранялася. Чаму такі дазвол атрымаў Віцебск, даследчыкі пакуль не ведаюць. А меч на гербе нездарма накіраваны на ўсход: адтуль часцей за ўсё нападалі ворагі, і нашым продкам даводзілася ўвесь час абараняцца. Увогуле ж, як сведчыць гісторыя, нашчадкі князя Рагвалода і нашчадкі Уладзіміра пасля ягонага “крывавага вяселля” з Рагнедай ніколі не былі сябрамі і братамі, як сцвярджаюць сённяшнія ідэолагі.   


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць