Ворша: актывіст галадуе на знак пратэсту супраць рашэньня суду

Аршанскі гарадзкі суд прызнаў моладзевага актывіста Сяржука Гумінскага вінаватым у дробным хуліганстве й супраціве работнікам міліцыі. Паводле гэтага абвінавачваньня 18-гадоваму “маладафронтаўцу” прысудзілі трое сутак арышту.
Нагадаем, што позна ўвечары 10 сьнежня Сяржука Гумінскага гвалтам забралі на допыт у міліцыю, каб высьветліць ягоную датычнасьць да зьяўленьня ў Воршы палітычных графіці.
Паводле моладзевага актывіста, у міліцыі капітан Аляксандар Ларыёнаў і Аляксандар Яфаненкаў апранулі на Сяргея кайданкі і каля гадзіны зьбівалі, у тым ліку й за тое, што ён размаўляў зь міліцыянтамі па-беларуску і патрабаваў адваката й перакладчыка. Пазьней мэдычная экспертыза засьведчыла сьляды пабоеў, была пададзеная заява ў гарадзкую пракуратуру і распачатае ўнутранае міліцэйскае разсьледваньне па фактах зьбіцьця ў пастарунку.
Сёньня на судзе міліцыянты засьведчылі, што Сяржук Гумінскі брыдкасловіў у часе допыту і не падпарадкоўваўся патрабаваньням супрацоўнікаў райаддзелу. Суд падтрымаў абвінавачаньні, запісаныя ў міліцэйскіх пратаколах.
На знак пратэсту супраць судовага рашэньня пра трое сутак арышту Сяржук Гумінскі абвясьціў галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Крыніца: “Радыё Свабода”


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць