Наваполацак: на 33 акругі – адзін незалежны кандыдат

У Наваполацку ў выбарчай кампаніі бярэ ўдзел толькі адзін незалежны кандыдат – беспартыйны Ігар Сухарукаў, які вылучаецца ў абласны і гарадзкі савет.

Сёньня выбарцы, што жывуць у 3-й гарадзкой выбарчай акрузе, дзе балятуецца спадар Сухарукаў, знайшлі ў паштовых скрынях ананімную ўлётку. У ёй незалежны кандыдат кваліфікуецца як “паразыт, казнакрад, алькаголік ды Юда”. Апроч таго, ён названы “ценем Мілінкевіча, разам зь якім прадае Радзіму”. More...
Па факце распаўсюду друкаваных матэрыялаў, якія дыскрэдытуюць яго як кандыдата ў дэпутаты і як грамадзяніна, Ігар Сухарукаў зьвярнуўся са скаргаю ў абласную і гарадзкую выбарчыя камісіі.

Калі на мінулых выбарах у Наваполацку незалежныя кандыдаты закрывалі практычна ўсе акругі, дык сёлета заявы на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты падалі толькі 8 “незалежнікаў”. Два зь іх пасьля таго, як зь імі пагутарылі кіраўнікі прадпрыемстваў, на якіх працуюць, забралі заявы, тры не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў, і яшчэ два зьнялі свае кандыдатуры на знак салідарнасьці з незарэгістраванымі калегамі. У выніку ў сьпісах застаўся толькі адзін незалежны кандыдат – ужо згаданы Ігар Сухарукаў.

Крыніца: Радыё Свабода.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць