Старшыня гарадскога выбаркаму Н.Трафімава пра ўлёткі апазіцыі: “Арганізатары выбараў упэўнены, што выбаршчыкі змогуць разабрацца ў сітуацыі”

Назіранне за выбарамі ў мясцовыя Саветы ў Віцебскай вобласці вядуць каля 3000 назіральнікаў. Больш за 1500 з іх прадстаўляюць грамадскія аб’яднанні, каля 1000 – працоўныя калектывы, каля 30 чалавек – палітычныя партыі. Астатнія назіральнікі – грамадзяне, якія атрымалі такі статус шляхам падачы заяваў.

У Віцебску па дадзеных на 9студзеня (першы дзень датэрміновага галасавання) у выбарчых камісіях было акрэдытавана больш за 500 назіральнікаў, у сярэднім – больш за 3 на кожным участку. З 47 кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарадскога Савету 19 чалавек ужо мелі раней дэпутацкі мандат, а ў Віцебску пражывае кожны чацвёрты патэнцыйны выбаршчык вобласці, такія лічбы назвала старшыня гарадскога выбаркаму Надзея Трафімава ў інтэрв’ю газеце “Віцьбічы”.

Па яе словах, у “апошнія дні ў некаторых выбарчых акругах з’явіліся друкаваныя матэрыялы, у якіх у скажоным выглядзе прадстаўляецца праца выбарчых камісій”. “Гэта нас абурае. Мы разумеем, што аўтары ўлётак, дыскрэдытуючы працу выбарчых камісій, імкнуцца да зрыву выбараў. Аднак арганізатары выбараў упэўнены, што выбаршчыкі змогуць разабрацца ў сітуацыі, ацаніць такую фальш, і прымуць удзел у выбарах”, – лічыць старшыня гарадскога выбаркаму.

Грошы на выбары ў мясцовыя Саветы, як вядома, выдаткоўваюцца з рэспубліканскага бюджэту. У сувязі з гэтым Н.Трафімава засяродзіла сваю ўвагу на такім моманце: “Паўторныя выбары, якія прызначаюцца ў выпадку, калі выбары не адбыліся, фінансуюцца ўжо з мясцовага бюджэту. Але ж гэтыя сродкі так патрэбны на добраўпарадкаванне нашых двароў і вуліц, на рамонт дахаў, азеляненне, адукацыю і медыцыну...”. Па гэтай прычыне мясцовыя дзяржаўныя СМІ ў апошнія дні перад выбарамі актыўна заклікаюць людзей “ не ствараць дадатковую нагрузку на бюджэт з-за уласнай палітычнай ляноты, грамадзянскай несвядомасці” і абавязкова прагаласаваць.      


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць