У Віцебску будзе ўсталяваны знак у гонар Грунвальдскай бітвы

На плошчы Тысячагоддзя ў Віцебску, побач з Дабравешчанскай царквой, збіраюцца ўсталяваць памятны знак у гонар Грунвальдскай бітвы. Гісторыкі лічаць, што якраз ад гэтага святога храма, пабудаванага ў ХІІ стагоддзі, – віцебскія ваяры адыходзілі на найбуйнейшую бітву Сярэднявечча, якая вырашыла лёс не аднаго еўрапейскага народа.

Па словах галоўнага архітэктара Віцебска Барыса Лядэнкі, месца пад помнік ужо вызначана. Але калі яго збіраюцца ўсталяваць, пакуль невядома. Тым не менш, гэта будзе першы помнік падобнага кшталту ў нашым старажытным горадзе. Дагэтуль у Віцебску ў асноўным ушаноўвалі памяць розных савецкіх і рэвалюцыйных дзеячоў, выбітных мастакоў, ахвяр Вялікай Айчыннай, загінуўшых у мірны час міліцыянераў, воінаў-афганцаў і г.д.

Аўтарам помніка, хутчэй за ўсё, стане віцебскі скульптар Валерый Магучы. Паводле словаў мастака, ён зрабіў працоўную мадэль памятнага знака: каменны, з чырвонага граніту, сілуэт анёла, а перад ім – меч ХV стагоддзя з выявай Віцебскіх харугваў.

Бітва пад Грунвальдам, або пад Дуброўнаю, як называюць яе беларускія летапісцы, адбылася 15 ліпеня 1410 года. У ёй сыйшліся войска Тэўтонскага Ордэна і злучаныя сілы Вялікага княства Літоўскага на чале з Вітаўтам Вялікім і Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам Ягайлы. У пабаявішчы ўдзельнічалі 40 харугваў ВКЛ – Віцебская, Полацкая, Аршанская, Віленская, Гарадзенская, Медніцкая, Смаленская, Новагародская, Пінская, Берасцейская, Дарагічынская, Ваўкавыская, Старадубская, Мельніцкая і іншыя. У лютай сечы, якая скончылася бліскучай перамогай над нямецкімі рыцарамі, палегла не менш як палова мужных ваяроў князя Вітаўта. Але пасля Грунвальда разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сілаў, і амаль 200-гадовая агрэсія тэўтонаў на ўсход была спынена.     

Меткі: , , , , , , ,

Чытайце яшчэ