У Віцебску праходзіць выстава, прысвечаная Рыгору Барадуліну

У Цэнтры сучаснага мастацтва ў Віцебску сёння адчынілася выстава прац мастакоў – удзельнікаў пленэра, прысвечанага народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Яе арганізавалі абласное аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі і культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча.

Пленэр прайшоў у жніўні 2006 года на Вушаччыне, на радзіме Рыгора Барадуліна. У адзін з дзён пленэра яго ўдзельнікі гасцілі на лецішчы ў паэта.

Як распавяла супрацоўніца Цэнтра сучаснага мастацтва Алена Зорына, у экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 прац 19 мастакоў з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Шаркаўшчыны, Верхнядзвінска, Мінска, Пінска і Заслаўля. Сярод удзельнікаў пленэра былі мастакі Алесь Марачкін, Уладзімір Сулкоўскі, Валеры Шчасны, Алег Скавародка, Чэслаў Шамшур, Святлана Баранкоўская, Мікалай Таранда і іншыя.  Іхнія творы выкананыя ў розных мастацкіх тэхніках – жывапіс, графіка, інсталяцыя, габелен. У прыватнасці, увагу гледачоў прывабліваюць партрэт Р.Барадуліна, напісаны У.Сулкоўскім, габелен С.Баранкоўскай з выявай паэта і ягонай жонкі, здолеўшых праз усё жыццё пранесці сваё каханне, а таксама інсталяцыя У.Вальнова – цэнтральная ў экспазіцыі – на якой прадстаўлены арыгінальныя прадметы вясковага побыту. На думку А.Зорынай, “кожная праца ў экспазіцыі дыхае любоўю да Беларусі і творчасці Рыгора Барадуліна”.

Выстава будзе экспанавацца ў Віцебску напрацягу двух тыдняў, а затым – да 24  лютага, дня нараджэння Р.Барадуліна, будзе прадстаўлена ў Мінску.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць