Вольга Іпатава дала майстар-клас маладым літаратарам Полацка

У Полацку прайшоў семінар маладых літаратараў, арганізаваны абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён прысвячаўся 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

На працягу двух дзён маладыя паэты і празаікі, сярод якіх былі і тыя, што ўжо няблага заявілі пра свае творчыя здольнасці ў перыядычным друку і зараз усур'ёз думаюць пра выпуск дэбютных зборнікаў, мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі вершамі і прозай адзін аднаго, а таксама прадставіць іх на суд сталых літаратараў. У ролі тых, хто вёў майстар-класы, выступілі Ірына Жарнасек, Лера Сом, Герман Кірылаў, Франц Сіўко, а таксама запрошаная ў якасці ганаровай госці вядомая аўтарка твораў на гістарычную тэматыку Вольга Іпатава.

Пэўную разнастайнасць унеслі ў працу семінара выканаўцы аўтарскай песні і чытальнікі-дэкламатары, якія прадставілі на суд моладзі і іх старэйшых калег узоры беларускай класічнай паэзіі і прозы. Як аказалася падчас абмеркавання твораў маладых, усе яны непадобныя адзін на аднаго ў сэнсе прыёмаў выкарыстання мастацка-выяўленчых сродкаў і жанравай прыналежнасці, што дало магчымасць праводзіць творчы дыялог у выглядзе дыскусіі.

Сёлетні семінар - першы пасля працяглага перапынку, і арганізатары спадзяюцца, што змогуць з часам зрабіць яго рэгулярным. А натхнёная прыкладам землякоў В.Іпатава зазначыла, што будзе прапаноўваць кіраўніцтву рэспубліканскага ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" праводзіць падобныя семінары ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Усяго, нагадаем, у Віцебскай вобласці да Саюза беларускіх пісьменнікаў належаць 25 чалавек.


Меткі: , , , , ,

Падобнае

    Каментаваць