Кадравая «праполка» ў вiцебскiм АПК

Хлусяць пагалоўна ўсе – зверху i данiзу. А хлусня, як правiла, спалучаецца з крадзяжом i крадзяжом стымулюецца. Менавiта гэткае ўражанне пакiнула ў прысутных студзеньскае пасяджэнне Вiцебскага аблвыканкама, прысвечанае вынiкам праверкi стану справаздачнасцi ў гаспадарках аграпрамысловага комплексу. Праверку правялi рэвiзоры Дзяржкантролю.

Асноўная ўвага была скiравана на стан дакументацыi ў сельгаскааператывах Сенненскага раёна. Правяралiся не горшыя, а лепшыя СПК — “Студзёнка”, “Ясная зара”, “Кругляны” ды iншыя. Падсумоўваючы працу рэвiзораў, першы намеснiк старшынi аблсельгасхарчу Вiктар Славецкі канстатаваў, што амаль паўсюдна выяўлены абуральныя прыпiскi: велiзарнае завышэнне прываг i надояў, занiжэнне выдаткавання кармоў ды iншыя парушэннi правiл вядзення статыстыкi. Такiя факты аказалiся характэрнымi для 40 гаспадарак з 224 правераных. Ды i ў астатнiх было шмат хiбаў у справаздачнасцi.

Гаворачы пра гэта, В.Славецкi знаходлiва паспрабаваў апраўдаць скажэнне рэальных лiчбаў тым, што многiя кiраўнiкi i спецыялiсты АПК Сенненшчыны ды iншых раёнаў маюць недастатковую адукацыю: ВНУ не скончылi нават шматлiкiя галоўныя аграномы, заатэхнiкi ды iнжынеры СПК, а кiраўнiкi сярэдняга звяна ў асноўным практыкi. На гэта старшыня аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка слушна заўважыў, што i слабай адукаванасцi хапiла, каб рабiць прыпiскi на карысць сабе, а не дзяржаве.

Акрамя нялёгкай размовы ў аблвыканкаме, кантралёрскi аналiз аграпрамысловай статыстыкi меў вынiкам “ператрахванне” кадраў i нават больш сур'ёзныя наступствы. 91 кiраўнiк АПК розных узроўняў пазбавiўся пасады, каля 100 аматараў прыпiсак атрымалi позвы ў суды па справах аб пакрыццi матэрыяльнай шкоды, узбуджаны 53 крымiнальныя справы.

Калi такiм аказаўся вынiк зiмовай праверкi, лёгка ўявiць, колькi прыпiсак, махлярства i крадзяжоў будуць учынены ў перыяд веснавой сяўбы. Тым больш што на згаданым пасяджэннi гаварылася пра няспраўнасць ледзь цi не ўсяго вымяральна-вагавага абсталявання сельгаспрадпрыемстваў пачынаючы з вагаў на фермах i складах i канчаючы бензакалонкамi.

Крыніца: “Народная воля”.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ