Павел Кежа намінаваны на выбыццё з “Зорнага цырку”. Падтрымаем яго SMS-камі!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Віцебска Павел Кежа, які ўдзельнічае ў рэаліці-шоў “Зорны цырк” тэлеканала ОНТ, у пятым туры гульні набраў толькі 7 балаў і стаў кандыдатам на выбыццё. Дасюль наш зямляк увесь час паказваў добрыя вынікі і набіраў самыя высокія балы.

Гэтым разам Павел выступаў у пары з акцёрам эратычнага жанру Віктарам Ацёмавым. Нагадаем, што ў такім дуэце віцебскі настаўнік выступаў і раней (у жанры сілавой акрабатыкі). І тады Віктару і Паўлу ўдалося пераканаць журы ў сваім майстэрстве.

Учора хлопцы стараліся адначасова рабіць неверагодныя выкрутасы з лесвіцай, жангліраваць і яшчэ ў дадатак смяшыць людзей. Кежа ў жаночым касцюме выконваў ролю “домомучительницы” Фрэкен Бок, а Арцёмаў – Карлсана. Наколькі можна было заўважыць па ўсіх папярэдніх турах, клаўнада – самы няўдзячны жанр: не ўсім жа дадзена прыроднае майстэрства выклікаць шчыры смех гледачоў. І тыя ўдзельнікі, якім выпадала клаўнада, заўсёды набіралі нізкія балы і станавіліся намінантамі на выбыццё. Так здарылася і з дуэтам Віктара і Паўла, як яны не стараліся.

Шкада, бо ў намнога больш складаных і небяспечных нумарах Павел быў на вышыні. Да прыкладу, у чацвёртым туры гульні ён выконваў нумар на кордэвалане – спецыяльнай стужцы. Без страхоўкі ён падняўся пад самы купал і трымаўся за гэтую стужку... патыліцай. Павел першым з усіх удзельнікаў аматарскага цырку атрымаў найвышэйшую адзнаку – 10 балаў. Ягоныя вучні з СШ №31 кожны раз едуць у Мінск, каб падтрымаць свайго настаўніка. Група падтрымкі зрабіла вялікі плакат: “Паша – гордасць наша!”

У земляка яшчэ ёсць шанец. Усе, хто хоча яго падтрымаць, дасылайце SMS па нумары 9922, набраўшы лічбу 2. Калі з Віцебска прыйдзе шмат такіх паведамленняў, то Павел зможа працягнуць свой удзел у рэаліці-шоў. А можа, і стане пераможцам!.. Як  лягуць карты, невядома...


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць