У “Народных навін Віцебска” – маленькі юбілейчык

Сёння – першы дзень доўгачаканай вясны. Таксама сёння адзначаецца прыкольнае свята – міжнародны дзень сну. А яшчэ якраз сёння споўнілася роўна паўгады, як ў байнэце з’явіўся сайт “Народныя навіны Віцебска”. Мы шчаслівыя, бо наша маленькае інфармацыйнае дзіця паступова расце, сталее і набывае вядомасць. А значыць, наша праца патрэбна вам – нашым наведвальнікам.

У жыцці мы досыць сціплыя людзі, але тут не ўтрымаемся і троху пахвалімся. За гэты час наш сайт наведалі болей за 14000 разоў жыхары 72 краін свету. Мы імкнемся аператыўна асвятляць усе важныя і цікавыя падзеі, што адбываюцца на Віцебшчыне. Нам, канешне, цяжка супернічаць з тэлебачаннем, але мы вельмі часта інфармуем вас нашмат хутчэй, чым іншыя рэгіянальныя СМІ. Не хаваем, што нам вельмі прыемна, калі тая ці іншая навіна з Віцебска з’яўляецца на іншых рэсурсах са спасылкай на наш сайт.

Вось зараз удзельнічаем у гульні, аб’яўленай naviny.by. Не, мы не захварэлі на “залатую ліхарадку”. Выйграем нешта – дык выйграем. А не, дык дужа не будзем перажываць. Калі ж пераможам, гэта будзе нашае з вамі агульнае дасягненне. Між іншым, два тыдні запар наш сайт займае трэцяе месца па колькасці прыведзеных наведвальнікаў на naviny.by.
Зычым усім вам абуджэння ад зімовай спячкі, радасці, поспехаў і плёну ва ўсім, што вы робіце карыснага і добрага сабе ці іншым. Заходзьце штодзень на нашу старонку. Дзякуй вам за сяброўства! Будзьма разам і надалей!

Яна Ільіна,
Марына Паўлава,
Сяржук Серабро.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць