Дрэвы ў Віцебску не маюць пашпартоў, у горадзе няма ландшафтнага дызайнера

На калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ішла размова аб тым, што колькасць зялёных пасадак у гарадах краіны змяншаецца. У прыватнасці, у Віцебску зялёная зона скарацілася на 18%. З-за недахопу фінансаў у нашым горадзе не вядзецца пашпартызацыя дрэваў. Пры гэтым, як сцвярджае начальнік аддзела абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Міхневіч, “на кожнае дрэва, а не тое, што парк, павінен быць пашпарт”.
Няма ў Віцебску і пасады ландшафтнага дызайнера. “Вырубаюць дрэвы без разбору, можна сказаць, у маладым узросце, якія яшчэ доўга маглі б азеляняць горад. Біялагічны ўзрост дуба – 500 гадоў, клёна, бярозы – 150. Але ад іх пазбаўляюцца, калі ім яшчэ не споўнілася і 50-60 гадоў”, – канстатуе Алег Міхневіч. Па ягоных словах, для кампенсацыі спіленых дрэваў бяруць 3-гадовыя саджанцы, а не 10-гадовыя, як рэкамендуюць спецыялісты. “Паглядзіце на парк каля Лядовага палаца! Колькі гадоў там нічога не можа вырасці! А ўсё таму, што пасадзяць пруткі, а ім прыжыцца нашмат цяжэй, чым умацаваўшамуся дрэўцу, ды й людзі ёсць такія, што ламаюць саджанцы”, – кажа А.Міхневіч. На ягоную думку, у Віцебску вырошчваецца недастатковая колькасць пасадачнага матэрыялу.
У раённых ЖРЭТах няма асобнага артыкулу выдаткаў на набыццё саджанцаў. Таму кожнае ЖЭУ здабывае дрэвы самастойна, выкарыстоўваючы, напрыклад, дамовы, з Батанічным садам. Кожнае лета дэкаратыўны пітомнік прадпрыемства “Вясна” нясе страты ад ... нарыхтоўшчыкаў венікаў. Такія “прадпрымальнікі” знішчаюць не толькі бярозу, але і чырвоны дуб – вельмі рэдкае і каштоўнае дрэва. І яшчэ адзін сумны факт: узімку 10% дрэваў гіне з-за таго, што для пасыпкі дарог і тратуараў выкарыстоўваюцца саляныя сумесі, шкодныя для нашых зялёных сяброў.
Паводле газеты “Віцебскі курьер”.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ