Павел Кежа зноў намінаваны на выбыццё з “Зорнага цырку”

Сёмы тур рэаліці-шоу “Зорны цырк” тэлеканала ОНТ зноў стаў няўдалым для віцебскага настаўніка Паўла Кежы – ён намінаваны на выбыццё. Шкада, бо на гэты раз Павел уразіў гледачоў яскравым fire-шоу. Па словах настаўніка, ён даўно марыў прыручыць агонь.

Павел прызнаўся, што радаваўся, як дзіця, калі за некалькі дзён трэніровак навучыўся жангліраваць агнём, выдуваць полымя і тушыць яго ў роце. Fire-шоу атрымалася відовішчным! Тым не менш па колькасці набраных балаў Кежа (9) і банкір Юрый Каштанаў (8,6) трапілі ў намінанты на выбыццё. Іхні лёс, як заўжды, вырашаць тэлегладачы. Хто жадае, каб наш зямляк працягнуў свой удзел у рэаліці-шоу, дасылайце SMS-кі з лічбай 1 на нумар 9922.

У мінулы раз прыхільнікам Кежы ўдалося яго выратаваць: розніца паміж прагаласаваўшымі за Віктара Арцёмава і за віцебчаніна складала ўсяго 40 галасоў на карысць апошняга. Кежа выказаў падзяку ўсім, хто аддаў за яго свой голас. Па ягоных словах, шмат SMS прыходзіла з Віцебска, Полацка, Ліёзна, Магілёва, Мінску.

Між іншым, у рэквізіце Паўлавай групы падтрымкі з’явіўся ўжо і герб Віцебска з выявай Спаса Збавіцеля. Раней была расцяжка з надпісам “Паша – гордость наша!”. Так што галасуйма!

Адзначым, што на дадзеным этапе тэлепраекта засталося толькі пяцёра ўдзельнікаў – ві-джэй Люся Лушчык, спявачка Алена Грышанава, артыст Георгій Волчак (нешта падказвае, што ён і стане ў рэшце рэшт пераможцам – ну прынароджаны цыркач!) і намінаваныя на выбыццё Кежа з Каштанавым.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць