Віцебская абласная рада ТБМ патрабуе адстаўкі міністра адукацыі Беларусі

На паседжанні Віцебскай абласной рады грамадскага аб’яднання імя Ф. Скарыны» 18 сакавіка прынята заява з патрабаваннем адстаўкі міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Радзькова.

«У апошнія два гады Міністэрства адукацыі мэтанакіравана выцясняе беларускую мову і беларускую літаратуру з навучальнага і выхаваўчага працэса. Як стала вядома са СМІ, Міністэрства адукацыі і «Саюз пісьменнікаў Беларусі» вырашаюць пазбавіць навучэнцаў магчымасці ў дастатковай меры знаёміцца з творчасцю народных пісьменнікаў і паэтаў Янкі Купалы, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, такіх вядомых беларускіх творцаў як Генадзь Бураўкін, Святлана Алексіевіч, Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Вітаўт Чаропка, Міхась Скобла і іншых», – распавёў старшыня абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык.

У сувязі з гэтым абласная арганізацыя ТБМ выказала свой пратэст, прыняўшы адпаведную заяву. У прыватнасці, у ёй гаворыцца: «Віцебская абласная рада грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» абурана такімі дзікунскімі дзеяннямі Міністэрства адукацыі і «Саюза пісьменнікаў Беларусі» у адносінах да набыткаў беларускай літаратуры і яе знакамітых творцаў. Мы патрабуем спыніць шалёны наступ на беларускую мову, беларускую літаратуру. Мы выказваем недавер кіраўніцтву Міністэрства адукацыі Беларусі і патрабуем адстаўкі міністра Аляксандра Радзькова. Заклікаем беларускую грамадскасць і арганізацыі ТБМ падтрымаць нашу заяву”.

Апроч таго, у гэтым дакуменце рупліўцы роднай мовы настойваюць “вярнуць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны курс “Беларусазнаўства”; аднавіць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ў школах з рускай мовай навучання; вярнуць у адукацыйныя стандарты для ўсіх ВНУ абавязковае выкладанне курса “Беларуская мова: прафесійная лексіка”; адмяніць забарону на афіцыйныя сустрэчы з пісьменнікамі, сябрамі “Саюза беларускіх пісьменнікаў” ва ўстановах культуры і адукацыі.

Па словах І.Навумчыка, гэтая заява будзе накіравана ў Міністэрства адукацыі, Савет Міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», а таксама ў сродкі масавай інфармацыі.



Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць