У Віцебску праходзіць дзіцячае свята нацыянальных культур

Напачатку красавіка ў Цэнтры эстэтычнага выхавання “Маладзік” школы мастацтваў №3 распачалося дзіцячае свята нацыянальных культур “Мы дзеці адной планеты”. У яго межах напрацягу двух месяцаў пройдуць розныя акцыі, выставы, канцэрты, зладжаныя грамадскімі аб’яднаннямі латышоў, палякаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў, цыган, якія жывуць у Віцебску і вобласці.

Першым у вандроўку па сваёй роднай зямлі запрасіў саюз латышоў “Даўгава”. А 16 красавіка пачаўся тыдзень цыганскай культуры. Пасля чаго прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей пазнаёмяць з традыцыямі і гісторыяй сваіх народаў. Гэты двухмесячны марафон культур завершыцца 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень дзяцей, гала-канцэртам. На ім будуць прадстаўлены лепшыя нумары ўдзельнікаў свята, піша газета “Віьбічы”.

Застаецца толькі па-добраму пазайздросціць таму, як, напрыклад, латышскія дзеці, што жывуць па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны, шануюць сваю родную мову. Яны ведаюць, што азначае латышскі герб, гісторыя якога налічвае ўжо больш за 700 гадоў... А нашыя маленькія беларусікі? На жаль, ім ніхто не распавядае пра бел-чырвона-белы сцяг, які ніяк ні “маладзейшы” за латышскі. Ды і не кожны дарослы беларус ведае, якая наша сапраўдная сімволіка.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць