Баянна-барабанны тандэм ад “Гурзуфа”

Выступае гурт Гурзуф. Фота Аляксандра ВелідзімовічаЦі чулі вы калі небудзь, як даюць музычнае інтэрв’ю? Не? Тады вам тэрмінова неабходна пазнаёміцца з творчасцю мінскага гурта “Гурзуф”.

Шчасліўчыкі, каторыя трапілі 19 красавіка ў выставачную залу саюза мастакоў, змаглі атрымаць асалоду ад авангарднага дуэта, які выступаў перад захопленым гледачом на працягу двух гадзін. Склад гурта – просты і незвычайны адначасова: Арцём Залесскі – бубны і Ягор Забелаў – баян. Менавіта ў спалучэнні гэтых двух інструментаў і ёсць выключнасць гурта. Яны яркія, харызматычныя і надзвычай прыцягальныя.

Ягор атрымаў вышэйшую музычную адукацыю, таму сумнявацца ў яго прафесіяналізме падставаў няма аніякіх. Калі ж дадаць да высакаякаснага выканання крыху фантазіі – атрымліваецца нешта неверагоднае, кшталту прысвячэнняў першай настаўніцы замежнай мовы ці кампазіцыі па аднайменным апавяданні Тургенева “Му-му”. У жыцці Ягор – спакойны і ўраўнаважаны, прынамсі так падалося пасля канцэрта. Магчыма, тут паўплывала ўражанне ад выступлення: калі не паспяваеш сачыць за тым, як пальцы музыкі перабіраюць клавішы, а ў вачах скачуць шалёныя агеньчыкі. А пры размове, перад табой цалкам нармальны, спакойны чалавек, крыху стомлены пасля выплеску шалёнай дозы пазітыўнай энергіі. Арцём жа, наадварот, у жыцці такі ж рухавы і энергічны, як і на сцэне.

Выступае гурт Гурзуф. Фота Аляксандра Велідзімовіча

Усё было вельмі смачна, прыгожа і захапляльна. Адна з дзяўчат, што прысутнічала на канцэрце “Гурзуфа” мнагазначна паведаміла, што гэту музыку варта параўноўваць хіба што з Армагедонам. Настолькі гэта моцна і эфектна. Пярэчыць не буду. Такая музыка насамрэч заслугоўвае таго, каб яе слухалі і пераслухвалі, бо яна нясе сапраўдны адрэналін, да таго ж пазітыўны і ўзрыўны.

Выступае гурт Гурзуф. Фота Аляксандра Велідзімовіча

Музыкі абяцалі, што ўжо вельмі хутка свет пабачыць іх першы запіс, які яны зрабілі на адной з маскоўскіх студый. “Пласцінка будзе якаснай і жывой, яна захавае ўсю энергетыку канцэртаў.” – паабяцаў Арцём. Што ж, будзем чакаць дэбютнага запісу хлопцаў, каб адчуваць мелодыі мора і ветру, далучыўшыся да усмешлівай музыкі “Гурзуфа”.

Выступае гурт Гурзуф. Фота Аляксандра Велідзімовіча

Напрыканцы размовы хлопцы прызналіся: “Нам нашмат лягчэй выказваць свае думкі музыкай, таму інтэрв’ю з намі трэба запісваць нотамі.” І гэта цудоўная ідэя, бо рабіць музыку яны ўмеюць.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць