С.Алейнікаў пра ФК “Віцебск”: “Мары і задачы аб выхадзе ў еўракубкі з такой камандай нерэальныя”

Перамовы паміж вядомым беларускім футбалістам Сяргеем Алейнікавым і кіраўніцтвам футбольнага клуба “Віцебск” скончыліся тым, што каманда... шукае іншага трэнера. Пэўную ролю ў адмоўным рашэнні сыйграў і мэр Віцебска Пётр Драздоў. У інтэрв’ю газеце “Прэсбол” футбольная зорка распавяла пра некаторыя моманты перамоваў. Сяргей шкадуе, што згубіў на іх цэлы тыдзень. Пры гэтым ён не крыўдзіцца. “Як можа прафесіянал ўсур’ёз крыўдзіцца на дылетантаў, якія на аматарскім узроўні адносяцца да футбола?” – лічыць спартсмен. Пры гэтым ён увогуле думае, што “слова “прафесіяналізм” да беларускага футбола дакладна не падыходзіць”.

Алейнікаў паглядзеў паўтара тайма гульні “Віцебск” – БАТЭ. І зрабіў выснову, што “не даводзіцца і блізка разважаць аб гіпатэтычнай “тройцы” і тым больш пра “золата”. “Пра гэта я шчыра сказаў кіраўніцтву горада. Мары і задачы аб выхадзе ў еўракубкі з такой камандай нерэальныя. Гэтыя задачы прапанаваў паставіць на наступны сезон, а зараз стварыць плацдарм. На словах пагадзіліся...”, – распавёў С.Алейнікаў. А далей прызнаўся: “Агучаная мною планка спачатку не падалася мэру Віцебска Пятру Драздову завоблачнай. Затым, думаю, немалую ролю ў адмоўным рашэнні кіраўніцтва сыйгралі шматлікія званкі “добразычліўцаў” з парадамі і пажаданнямі”.

Вядомы футбаліст распавёў газеце, што ў Паставах жывуць ягоныя сапраўдныя сябры. Туды ён і паехаў адпачыць пасля няўдалых перамоваў. “Свята ў Паставах удалося на славу. Заўзятары, праўда, ніяк не маглі паверыць, якім гэта ветрам да іх занесла Алейнікава”, – пажартавала знакамітасць.

Па дадзеных газеты “Прэсбол”, сярод прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера “Віцебска” знаходзіліся Сяргей Бароўскі, Уладзімір Курнеў, Павел Раднёнак і экс-настаўнік львоўскіх “Карпат” (Украіна, Д1) Аляксандр Ішчанка.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ