Са сцэны КДЦ “Віцебск” сёння павявала морам

Канцэрт-адкрыццё ХII Адкрытага конкурса мадэльераў-дызайнераў і дэманстратараў “Белая амфара” прайшоў сёння ўвечары ў КДЦ “Віцебск”. Шоу называлася “Мадэль і мора”. І насамрэч узнікла адчуванне, што са сцэны павявае марской прахалодай, у якую так і хочацца схавацца ад спякоты. Хутчэй бы адпачынак – ды паехаць куды-небудзь загараць, купацца, калі не ў якуюсьці экзатычную краіну на беразе мора, дык хаця б на родныя Браслаўскія азёры...

А распачала шоу абаяльная Ірына Дарафеева. Сталічная зорка прызналася, што “так стремилась в Витебск, так хотела попасть на конкурс”. І праспявала дзве песні. Адна з іх, патрыятычная, пра родную беларускую зямлю, па словах артысткі, стала прэм’ерай – прагучала ўпершыню. Ірына спрабавала неяк расшаломкаць віцебскую публіку, але ёй гэта не ўдалося – ці то народ сабраўся занадта салідны і сур’ёзны, ці то ніхто не падзяляў жаданне артысткі “порезвиться”.More...

Затое смяяліся гледачы з абсалютна лысага чувака, у якога на патыліцы вісела матроская стужка. Выйшаў ён на сцэну з гітарай у выглядзе жаночага цела, злабаў на ёй, а пасля станчыў “Яблачка”.

Убачылі гледачы і здаравенны мужчынскі башмак – з палову роста не дужа высокага чалавека. Напэўна, гэта была рэклама абутку фірмы “Марко”. Яшчэ хадзіла па падыуме шмат прыгожых Адамаў у класічных касцюмах. Яны, а гэта былі дэманстратары віцебскай імідж-студыі “Персон”, перадавалі адзін адному вялікі румяны яблык. А затым на сцэну выйшлі спакушальныя Евы ў стылёвых купальніках. Ну дзе ж тут было ўстрымацца? Адзін з Адамаў яблык і паспрабаваў.

На канцэрце-адкрыцці “Белай амфары” на сцэне з’яўляліся не толькі страйнюткія мадэлі, але і поўныя: кабеты ў бальзакаўскім узросце, дзядзечка з вялікім пузам, дзяўчынка з далёка не спартовай фігурай. Карацей, мадэльеры паказалі, што прыгожа апранацца можа, калі захоча, любы чалавек.

Уразіла новая калекцыя выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта Людмілы Тараканавай. Гэтая калекцыя пад назвай “Гульня” нядаўна вярнулася з Масквы, дзе ўдзельнічала ў “Неделе русской моды”. Нагадаем, што якраз Л.Тараканава атрымала гран-пры на мінулай “Белай амфары”, што прайшла ў верасні 2006 года. Тады яна прадставіла цікавую калекцыю пад назвай “Опять Онегин”.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць