Семінар для праваслаўнай моладзі

Моладзевы семінар «Уваскрасенне Хрыстова ў маім жыцці» стаўся лагічным завяршэннем Вялікоднага перыяду для праваслаўнай моладзі. На семінар, што ладзіўся 18-20 мая на базе праваслаўнага аздараўляльнага летніка "Дружба", з'ехалася болей за паўсотню маладых вернікаў з Віцебскай епархіі (Ворша, Лепель, Бешанковічы і г.д.), а таксама Мінска, Брэста і Магілёва. Падрыхтоўкай праграмы займалася праваслаўнае моладзевае брацтва св. прав. Яна Кранштацкага, а таксама святар Свята-Успенскай царквы а. Аляксандр Ледаховіч.

У праграму ўвайшлі лекцыя а. Дзмітрыя Савіча "Эўхарыстычная традыцыя ў праваслаўнай царкве", разважанні над урыўкамі з Евангелля - тымі, што распавядаюць пра Уваскрасенне Хрыстова. Але гэтым не абмежаваліся - на супольных сустрэчах закранулі пытанні шляха да Бога, царкоўнага жыцця, важнасці ўдзелу ў царкоўных таінствах, далі сведчанні прысутнасці Бога ў сваім жыцці. Аднак жа не толькі лекцыі штодзень збіралі маладых вернікаў - адбываліся творчыя вечарыны, сустрэчы з чытаннем вершаў і спевамі пад гітару ля вогнішча.

"Гэта сэмінар для моладзі, якая шукае праўду. Тых, хто стала наведвае царкву, і тых, хто толькі прыйшоў да веры, - усіх аб'ядналі нашыя сустрэчы", - распавядае Андрэй Васіліцын, сябра ўзгаданага брацтва.

Сэмінар скончыўся літургіяй і супольным прычасцем ў царкве Кірыла і Мяфодзія пры Віцебскім духоўным вучылішчы.

Паводле газеты "Витебский проспект".


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць